Суд над Алесем Бяляцкім

У Мінску 3 лістапада прадоўжыўся судовы працэс над праваабаронцам Алесем Бяляцкім.
Справу Бяляцкага разглядае суд Першамайскага раёна сталіцы, але працэс праходзіць у будынку суда Маскоўскага раёна, дзе больш умяшчальныя залы. Працэс вядзе суддзя Сяргей Бандарэнка. Пракурор — Уладзімір Сайкоўскі. За працэсам назіраюць праваабаронцы і замежныя дыпламаты. Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўнік закрытага беларускімі ўладамі праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі абвінавачваецца на падставе часткі 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса (утойванне даходаў у асабліва буйным памеры). Яму пагражае пазбаўленне волі тэрмінам да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці. Падставай для крымінальнага пераследу праваабаронцы стала інфармацыя пра яго рахункі ў замежных банках, перададзеная беларускім уладам Мінюстам Літвы і Генпракуратурай Польшчы ў межах дагавораў аб прававой дапамозе. Праваабаронца знаходзіцца пад арыштам з 4 жніўня. У першы ж дзень працэсу суд адмовіў яму ў змяненні меры стрымання. Бяляцкі сваёй віны не прызнае і заяўляе, што яго пераследуюць за праваабарончую дзейнасць. Паводле слоў падсуднага, замежныя рахункі ён вымушаны быў адкрыць пасля таго, як беларускія ўлады закрылі праваабарончы цэнтра "Вясна". Як сцвярджае Бяляцкі, сродкі замежных спонсараў, якія паступаюць на рахункі, траціліся на аказанне дапамогі грамадзянам Беларусі, чые правы былі парушаны, а таксама для выдання інфармацыйнай прававой літаратуры і правядзення семінараў. 3 лістапада ў судзе запланаваны допыт сведак. У самым пачатку сённяшняга пасяджэння суд задаволіў хадайніцтвы адваката Дзмітрыя Лаеўскага аб далучэнні да матэрыялаў справы статута закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра "Вясна", а таксама раздруковак з сайтаў партнёраў "Вясны", якія пералічвалі грошы на рахунак Бяляцкага. У судзе ў якасці сведкі дапытаны намеснік дырэктара дэпартамента па гуманітарнай дзейнасці Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Леанід Чаўко. Ён растлумачыў, што замежная дапамога, гранты рэгіструюцца толькі пасля ўвозу ў Беларусь. Калі грошы не ўвезены, яны не рэгіструюцца як дапамога. Яшчэ адзін сведка, галоўны дзяржаўны інспектар Міністэрства па падатках і зборах Анжаліка Собалева, заявіла, што любыя грошы грамадзяніна Беларусі на замежных рахунках з`яўляюцца даходам і падлягаюць падаткаабкладанню. Паводле яе слоў, Бяляцкі не падаў дакументаў, якія пацвярджаюць, што гэтыя грошы не падлягаюць падаткаабкладанню, і не даў тлумачэнняў наконт гэтага, аднак прадставіў пярэчанні па актах праверкі. 3 жніўня, за дзень да затрымання Бяляцкага, акты праверкі яго замежных рахункаў былі накіраваны ў дэпартамент фінансавых расследаванняў. Собалева заявіла, што акт падатковай праверкі можа быць пералічаны, калі будуць пададзены дакументы, якія пацвярджаюць, што грошы на рахунках Бяляцкага не з`яўляюцца даходам. Начальнік упраўлення разліковых сродкаў Нацбанка Наталля Пашкоўская лічыць, што выпіскі з банкаўскіх рахункаў павінны абавязкова завярацца пячаткай і подпісам банка. На выпісках рахункаў Бяляцкага подпісаў і пячатак няма. Аднак, паводле яе слоў, замежныя банкі не завяраюць інвойсы, якія выстаўляюцца для аплаты. Он-лайн рэпартаж з зады суда чытайце тут.

Сяргей Пульша, БелаПАН