Намеснік міністра адукацыі Казімір Фарыно ўпэўнены, што ў краіне няма праблем з беларускай мовай

Намеснік міністра адукацыі Беларусі Казімір Фарыно ўпэўнены, што ў краіне няма праблем з беларускай мовай. Аб гэтым ён заявіў 1 лістапада на прэс-канферэнцыі ў Гомелі, дзе з 31 кастрычніка па 7 лістапада праходзіць заключны этап алімпіяды беларускіх і расійскіх школьнікаў "Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная агульнасць".

На пытанні журналістаў адказалі арганізатары мерапрыемства і члены журы алімпіяды. Гомельскія журналісты пацікавіліся, чаму ў конкурсныя заданні не ўключаны хаця б элементы на беларускай мове, раз гаворка ідзе аб узаемным ўзбагачэнні дзвюх культур. Пры гэтым праграма заключнага этапу алімпіяды ўключае напісанне сачынення і выкананне комплекснай работы па рускай мове і літаратуры і творчыя конкурсы. Таксама прагучалі пытанні аб ролі беларускай мовы. Казімір Фарыно выказаў меркаванне, што на сённяшні дзень у моладзі вялікая цікавасць да беларускай мовы. "Сёння такія вось правакацыйныя пытанні не маюць пад сабой падстаў, у нас роўная колькасць гадзін на вывучэнне як беларускай, так і рускай моў", - заявіў намеснік міністра. "Сёння праблемы білінгвізму складаныя і больш напружаныя для нас, чым для расейцаў, у нас дзве мовы па Канстытуцыі, абавязковыя для вывучэння. Проста часам асобныя факты падаюцца гіпертрафіравана. Не трэба хвалявацца, не знікне беларуская мова і літаратура, таму што дзяржава падтрымлівала і падтрымлівае усё наша нацыянальнае, айчыннае, усё, што створана тут самае лепшае ", - сказаў Фарыно. Яго падтрымаў кіраўнік прадстаўніцтва Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы ў Мінску Сяргей Забалоцец. Ён прапанаваў "не падаграваць штучна дыскусію". "У рэшце рэшт, што такое мова? Гэта сродак зносін, а мы пачынаем палітызаваць гэтую сферу. Калі мова -- сродак зносін, і мы разумеем адзін аднаго - ды хоць на іўрыце. Але ў нас няма такіх прыкладаў, калі задушваюць нейкую мову іншай мовай. Вось ўспомнім 10-15 гадоў назад: было ай-яй-яй беларуская мова-беларуская мова. Каго сёння сілай задушылі? Ёсць свабодны выбар ", - лічыць Забалоцец. На прапанову ўнесці ў алімпіяду заданні на беларускай мове адрэагавала і старшыня журы алімпіяды доктар педагагічных навук Ларыса Мурына. "У нас жа лінгвакультуралагічны падыход да вывучэння мовы, у нас усё кампаненты беларускай культуры прысутнічаюць ва ўсіх нашых падручніках рускай мовы, у нас беларускія падручнікі, руская мова - але ў Беларусі", - патлумачыла доктар навук. У Гомель на заключны этап алімпіяды прыехалі прыкладна 170 школьнікаў з 19 рэгіёнаў Расіі, а таксама з беларускіх абласцей. Алімпіяда "Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная агульнасць" праводзіцца шосты раз. На мерапрыемства з бюджэту Саюзнай дзяржавы выдзелена 5,5 млн расійскіх рублёў.

БелаПАН


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение