У Гомельскім ізалятары галадаюць грамадзкія актывісты

Кіраўнік гарадзкога аргкамітэту ў справе правядзеньня Народнага сходу Васіль Палякоў наведаў ізалятар, каб перадаць галадоўнікам Зьмітру Шаўчэнку, Кастусю Жукоўскаму і Андрусю Цянюту сьвежыя газэты і сокі.

"Мне паведамілі, што дакладна галадаюць Шаўчэнка й Жукоўскі, а Цянюта, наколькі я зразумеў, не. Пра Цянюту нічога пэўнага не паведамілі", — заявіў Палякоў. Адміністрацыя ізалятара пра стан здароўя арыштаваных інфармацыі не дае. Дзяжурны, у сваю чаргу, не адмаўляе і не пацьвярджае галадоўку траіх арыштаваных.

Васілю Палякову таксама паведамілі ўдакладнены дыягназ Кастуся Жукоўскага: пералому нагі няма, а толькі трэшчына ў костцы. Аднак афіцыйнага мэдычнага заключэньня спадару Палякову не паказалі. Зьміцер Шаўчэнка абвясьціў галадоўку ў залі суду. Міліцыянты затрымалі яго 17 верасьня. Судзьдзя Чыгуначнага раёну Анатоль Сотнікаў пакараў яго 15-цю суткамі арышту за тое, што распаўсюджваў улёткі пра аднаўленьне ў горадзе акцыяў маўклівага пратэсту. Андруся Цянюту спэцназаўцы затрымалі 20 верасьня, калі ён раздаваў улёткі пра Народны сход сярод жыхароў вуліцы Юбілейнай. На яго склалі пратакол — нібыта за парушэньне парадку арганізацыі альбо правядзеньня масавага мерапрыемства. 21 верасьня судзьдзя Чыгуначнага раёну Ільля Сьвірыдаў пастанавіў арыштаваць Цянюту на 10 сутак. Кастуся Жукоўскага міліцэйскія спэцназаўцы Сяргей Мітчанка, Андрэй Юранаў і Аляксандар Мядзьведзеў схапілі 21 верасьня непадалёк ад уласнага дома. Падчас затрыманьня яго зьбілі. Спэцназаўцы нібыта хацелі на распараджэньне начальніка аддзелу грамадзкага парадку Чыгуначнага РАУСу Аляксандара Кошмана ўручыць Кастусю позву, а ён лаяўся й супраціўляўся. На падставе міліцэйскіх пратаколаў судзьдзя Цэнтральнага раёну Гомеля Марына Дамненка пакарала Кастуся Жукоўскага 15 суткамі арышту. У мінулую суботу Кастуся Жукоўскага з ізалятара адвезьлі ў абласны шпіталь і наклалі гіпс на зламаную нагу. 26 верасьня праз праваабаронцу, юрыста Леаніда Судаленку Кастусю Жукоўскаму перадалі ў ізалятар мыліцы. Пра галадоўку Кастуся начальнік ізалятара Алег Азяўчыкаў нічога не сказаў.

Радыё Свабода