Акцыя маўклівага пратэсту прайшла незаўважанай

У сераду, 21 верасня, "Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку" планавала правесці чарговую акцыю маўклівага пратэсту. Аднак яна не сабрала вялікай колькасці ўдзельнікаў. Аб якіх-небудзь затрыманнях не паведамляецца. Толькі ў Гомелі за паўгадзіны да пачатку акцыі затрымалі апазіцыйнага актывіста Канстанціна Жукоўскага. У Салігорску ўжо ў 19:26 міліцыя пакінула месца меркаваных пратэстаў.

У Мінску найбольшая колькасць людзей сабралася каля рэстарана Макдональдс ля ГУМа. Асноўную масу тых, хто сабраўся складалі журналісты. Людзей на праспекце Незалежнасці было нязначна больш, чым у звычайныя дні. На просьбы супрацоўнікаў міліцыі не перашкаджаць мінакам, некторые з удзельнікаў акцыі пачыналі пляскаць. Па праспекце праехала некалькі машын, якія гучна сігналілі. Каля ГУМа адна жанчына крыкамі "Жыве Беларусь!" спрабавала разварушыць пратэстоўцаў, але няўдала. Агульная колькасць удзельнікаў акцыі пратэсту ў Мінску складае прыкладна 300 чалавек, у Берасці - каля 50, Салігорску - каля 10. Міліцыя падрыхтавалася да пачатку акцыі пратэсту Як паведамляе карэспандэнт Тэлеграфа, у раёне Кастрычніцкай плошчы ў Мінску, паблізу якой было запланавана правядзенне акцыі пратэсту, знаходзіліся два аўтобусы без нумарных знакаў, у якіх былі супрацоўнікі спецназа. Адзін аўтобус прыпаркаваўся ў двары дома па адрасе Энгельса, 8. На плошчы Незалежнасці злева ад Палаца Рэспублікі была забаронена паркоўка, а праспект у раёне плошчы патрулявалі супрацоўнікі ДАІ, перадае БелаПАН. Ад ГУМа да Плошчы Незалежнасці на кожным перакрыжаванні стаяла па два-тры чалавекі з навушнікамі, у дварах дзяжурылі міліцэйскія аўтобусікі ПАЗ. Таксама аўтобусы стаялі каля дома афіцэраў, за крамамі "Цэнтральная Кнігарня", "Цэнтральны", перадае "Наша Ніва". За першай музычнай школай на вуліцы Залатая Горка знаходзіліся курсанты акадэміі МУС у спартовай форме. На Кастрычніцкую плошчу прыбыў намеснік начальніка ГУУС Мінгарвыканкама Ігар Яўсееў. Грамадскі транспарт, уключаючы метро, працаваў у звычайным рэжыме. Вялікая колькасць міліцыянтаў зафіксавана і ў іншых гарадах Беларусі. Так, у Пінску, па словах супрацоўнікаў міліцыі, з прычыны правядзення спецмерапрыемствы забаронены ўваход на галоўную плошчу горада. Ачэплена месца збору "сеціўных рэвалюцыянераў" і ў Магілёве. У Берасці супрацоўнікі міліцыі правяраюць дакументы ў мінакоў, а ў Мінску іх здымаюць на відэа. Пры гэтым у 17:44 стала вядома, што ў Беларусі аказаўся заблікаваны доступ да сацыяльнай сеткі "Вконтакте". Між тым, сайт-дублёр "Вконтакте" Vk.com, а таксама іншыя сацыяльныя сеткі па-ранейшаму функцыянавалі. Ёсць праблемы з доступам да шэрагу апазіцыйных інтэрнэт-рэсурсаў.

Як паведамляў Тэлеграф, арганізатары "Рэвалюцыі праз сацыяльныя сеткі" 20 верасня распаўсюдзілі спіс патрабаванняў, якія яны вылучаюць беларускім уладам.  "Улічваючы сённяшнюю сітуацыю ў Беларусі, змяніць трэба амаль усе. Толькі выканаўшы патрабаванні народа, нешта можа змяніцца", - заяўляюць "сеціўныя рэвалюцыянеры". У сваю чаргу пасол ЕС у Беларусі Майра Мора паведаміла, што будзе сачыць за акцыяй маўклівага пратэсту 21 верасня. "Важна, што здарыцца сёння. Мы назіраем за ўсім, што адбываецца ў Беларусі, асабліва, за правамі грамадзян. Гэта будзе паказальна", - падкрэсліла пасол.

telegraf.by