Аляксандр Рыбак: «Без культуры няма нацыі» (mp3)

Спявак з Нарвегіі беларускага паходжання, які набыў сусветную вядомасць пасля перамогі на конкурсе «Еўрабачанне-2009» запісаў для праекту «Будзьма! Тузін.Перазагрузка-2» беларускую версію свайго хіта «Europe’s Skies». У беларускай інтэрпрэтацыі Глеба Лабадзенкі яна атрымала назву «Небасхіл Еўропы».
Спявак з Нарвегіі беларускага паходжання, які набыў сусветную вядомасць пасля перамогі на конкурсе «Еўрабачанне-2009» запісаў для праекту «Будзьма! Тузін.Перазагрузка-2» беларускую версію свайго хіта «Europe’s Skies». У беларускай інтэрпрэтацыі Глеба Лабадзенкі яна атрымала назву «Небасхіл Еўропы».

Аляксандр Рыбак пашкадаваў, што не вывучыў дасканала сваю родную мову, і выказаў спадзеў, што яго спевам натхніцца новае пакаленне беларускіх дзяцей.

Аляксандр Рыбак — Небасхіл Еўропы

Перспектыву запісаць песню па-беларуску Аляксандр Рыбак адразу знайшоў прывабнай. Сам ён дасканала мовы не ведае – яго сям’я пераехала з Мінска ў Осла, калі Сашу было пяць гадоў. Таму карыстаецца ў асноўным нарвежскай ды ангельскай, на размоўным узроўні валодае расійскай. Для першых сваіх канцэртаў у Беларусі пасля перамогі на конкурсе «Еўрабачанне-2009» ён развучыў разам з маці «Купалінку». Упадабаў і пераклад Fairytale Сержука Сокалава-Воюша, зроблены ў межах конкурсу, што абвясціла «Радыё Свабода». Але для праекту «Будзьма! Тузін.Перазагрузка-2» ён захацеў выканаць іншы свой хіт – «Europe’s Skies»: «Я заўсёды любіў сваю краіну, толькі не меў часу, каб вывучыць нашу прыгожую мову, бо з’ехаў у Нарвегію яшчэ маленькім. Спадзяюся, што новае пакаленне беларускіх дзяцей натхніцца маім спевам па-беларуску».

«Europe’s Skies» у беларускай інтэрпрэтацыі мае назву «Небасхіл Еўропы». Узяўся перакласці яе паэт Глеб Лабадзенка. «Аляксандр крануў мяне яшчэ сваім выкананнем “Купалінкі” ў Мінску па-беларуску. Што казаць – бліскучым выкананнем! І таму магчымасць перакласці для яго “Небасхіл” я ўспрыняў з натхненнем. Бо ўкласці беларускую мову ў вусны такога папулярнага выканаўцы — пачэсная справа. Не бяруся ацэньваць уласную працу, але запісаную песню слухаю з прыемнасцю. Жывучы ў Нарвегіі, Аляксандр спявае па-беларуску абсалютна без акцэнту і вельмі шчыра», — кажа перакладчык.

«Паэтычная праца Лабадзенкі мне прыйшлася даспадобы. “Небасхіл” — цудоўнае слова, асабліва калі згадваеш маляўнічую прыроду Беларусі», — зазначае Аляксандр. Непасрэдны ўдзел у працы над беларускай версіяй узяла яго маці — Наталля Валянцінаўна Рыбак. Яна тлумачыла Сашу не да канца зразумелыя словы, сачыла за правільным вымаўленнем падчас працы ў студыі. «Не забылася яшчэ на беларускую, хоць за ўвесь час, што мы жылі ў Нарвегіі не давялося паразмаўляць на нашай цудоўнай мове», — прызнаецца Наталля Рыбак.

Спявак намагаецца сачыць за тым, што адбываецца на яго Радзіме, наколькі гэта магчыма. Не прапускае дзіцячы конкурс «Еўрабачання», на якім паспяхова выступаюць беларускія выканаўцы. «Досыць няпроста cачыць за ўсім, што адбываецца ў Беларусі, калі жывеш у Нарвегіі. Не магу пахваліцца вялікімі ведамі пра беларускую культуру, хоць заўжды дзіўлюся, якая ў Беларусі прыгожая архітэктура. У Мінску і Віцебску вельмі эстэтычна!». Рыбак выказаў сціслае, але ёмістае пажаданне тым беларусаў, якія яшчэ не саспелі да думкі, што ў сваёй краіне варта размаўляць на сваёй мове: «Кожны народ мае сваю культуру. Без культуры няма нацыі».

Песню «Небасхіл Еўропы», запісаную для праекту «Будзьма! Тузін.Перазагрузка-2», Аляксандр Рыбак мяркуе ўключыць і ў беларускае выданне свайго другога студыйнага альбома, выхад якога запланаваны на восень. І, пэўна, гэта не апошняя песня па-беларуску ад славутага нарвежскага беларуса.

Аляксандр Рыбак — Небасхіл Еўропы (муз. Аляксандр Рыбак, сл. Аляксандр Рыбак, Томас Варнэс, бел.тэкст — Глеб Лабадзенка)

Супакой мяне на небе душы,

У сэрцы любоў ты запішы, Вывучаю я цябе да драбніц, Мару з табой разам сасніць

Горы, рэкі, гаі, лугі, Тут мой дом, тут берагі.

Небасхіл Еўропы, зноў малады, З высі глядзіць на гарады, Да душы тваёй таемнай святло Шляхам начным зноў прывяло.

Прамінаюць карагодам зямлі Нашых вачэй два караблі, Дакраніся да паветраных крыл, Мы паплывем за небасхіл.

Сонца, зоры, лясы, Сусвет Мы глядзім з вышыні планет

Небасхіл Еўропы, зноў малады, З высі глядзіць на гарады, Да душы тваёй таемнай святло Шляхам начным зноў прывяло.

budzma.org