Памерла вядомы апазіцыйны палітык Беларусі Галіна Сямдзянава

18 верасня пасля цяжкай хваробы памерла Галіна Сямдзянава — вядомы апазіцыйны палітык, дэпутат ад БНФ у Вярхоўным Савеце Беларусі XII склікання. Пра гэта паведаміў у сваім блогу Вінцук Вячорка, былы старшыня Партыі БНФ, член аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларускі рух".

18 верасня пасля цяжкай хваробы памерла Галіна Сямдзянава — вядомы апазіцыйны палітык, дэпутат ад БНФ у Вярхоўным Савеце Беларусі XII склікання. Пра гэта паведаміў у сваім блогу Вінцук Вячорка, былы старшыня Партыі БНФ, член аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларускі рух".

Фота "Радыё Свабода"

Галіна Сямдзянава нарадзілася 28 лютага 1947 года ў Гдыні (Польшча) у сям'і марскога афіцэра і старшай аперацыйнай сястры ваеннага шпіталя. Скончыла Куйбышаўскі політэхнічны інстытут, працавала інжынерам у галіне абароннай прамысловасці СССР. "Але сумавала па Беларусі, з якой была звязана лепшымі ўспамінамі дзяцінства", — піша Вячорка. Вярнуўшыся ў Беларусь, Галіна Сямдзянава пачала працаваць у Камітэце народнага кантролю, узначальвала Навагрудскі КНК. У 1990 годзе была выбрана дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Сямдзянава стала адным з найбольш прафесійных і запатрабаваных дэпутатаў, успамінае Вячорка: "Яна зрабіла свой ідэйны выбар — увайшла ў дэпутацкую групу БНФ у Вярхоўным Савеце, была старшынёй яе рэвізійнай камісіі. Працавала ў парламенцкіх камісіях па экалогіі, па таварах народнага спажывання, гандлі і паслугах насельніцтву, у часовай камісіі па прывілеях". Галіна Сямдзянава — адна з тых, хто дамогся абвяшчэння незалежнасці Беларусі ў 1991 годзе. Неацэнныя яе заслугі ў стварэнні заканадаўчай базы незалежнасці Беларусі. Яна была сааўтарам канцэпцыі пераходу БССР да рынкавай эканомікі (восень 1990 года); удзельнічала ў распрацоўцы і прыняцці дзясяткаў заканадаўчых актаў, у тым ліку Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Рэспублікі Беларусь і законаў для спецыяльнай сесіі Вярхоўнага Савета 24—25 жніўня 1991 года, калі была абвешчана незалежнасць. Акрамя таго, Сямдзянава — аўтар заканадаўчых ініцыятыў, скіраваных на стварэнне арміі Рэспублікі Беларусь. Старшынствала ў беларускай асацыяцыі ваеннаслужачых "Вяртанне", якая пасля распаду СССР дапамагла вярнуцца ў Беларусь больш як чатыром тысячам вайскоўцаў, у тым ліку з зон ваенных канфліктаў. У 1996—1997 гадах уваходзіла ў сакратарыят Вярхоўнага Савета XIII склікання, які працягваў працу пасля расфарміравання ў 1996 годзе і пераўтварэння ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. У Партыі БНФ Галіна Сямдзянава была адным з самых аўтарытэтных экспертаў. Займала пасады намесніка старшыні (2002—2006), кіравала юрыдычнай і рэвізійнай камісіямі аж да 2010 года. У 2008 годзе была вылучана ад Партыі БНФ у склад Цэнтрвыбаркама, у 2010 годзе — у Мінскую гарадскую камісію па выбарах прэзідэнта. Месца і час пахавання Галіны Сямдзянавай пакуль не вызначаны.

БелаПАН