У Доме правасуддзя працягваецца працэс па справе аб тэракце ў мінскім метро

У мінскім Доме правасуддзя аднавілася слуханне крымінальнай справы аб тэракце на станцыі метро "Кастрычніцкая" 11 красавіка.

Працэс адкрыты і праходзіць у актавай зале Дома правасуддзя з-за вялікай колькасці ахвотных трапіць на слуханні. Аднак калі ў першы дзень суда, 15 верасня, зала, разлічаная на 500 месцаў, была практычна поўная за паўтары гадзіны да пачатку суда, то сёння за гадзіну да заяўленага часу ў памяшканні знаходзілася ўсяго некалькі чалавек. Мабільная сувязь у зале суда адсутнічае. Фота- і відэаздымка была забаронена па хадайніцтве аднаго з пацярпелых. Мяркуецца, што сённяшняе пасяджэнне пачнецца з вызначэння парадку судовага следства: або следства пачнецца з допыту абвінавачваных, або з вывучэння доказаў справы. Старшынствуе на працэсе першы намеснік старшыні Вярхоўнага суда Беларусі Аляксандр Федарцоў. У слуханнях удзельнічаюць тры дзяржабвінаваўцы — Аляксандр Мірончык, Дзмітрый Цімафееў, а таксама намеснік генпракурора Аляксей Стук. Абвінавачванага Дзмітрыя Канавалава абараняе адвакат Дзмітрый Лепрэтар, Уладзіслава Кавалёва — Станіслаў Абразей. Як паведамляў БелаПАН, у першы дзень слуханняў былі зачытаны абвінавачанні. Абодва падсудныя прызналі сваю віну часткова, прычым Канавалаў прызнаў сябе вінаватым ва ўчыненні двух тэрактаў у Мінску — 11 красавіка 2011 года на станцыі метро і 4 ліпеня 2008 года на святкаванні Дня Незалежнасці. Двое пацярпелых прасілі суд адкласці працэс для лепшага азнаямлення з матэрыяламі крымінальнай справы, аднак суд іх хадайніцтвы не задаволіў. Першы дзень слуханняў асвятлялі больш чым 40 прадстаўнікоў беларускіх і замежных СМІ.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.