Вызвалена яшчэ 11 палітвязняў

Сталі вядомыя прозвішчы ўсіх 11 вызваленых фігурантаў справы аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня 2010 года, указ аб памілаванні якіх Аляксандр Лукашэнка падпісаў 14 верасня, "кіруючыся прынцыпамі гуманнасці".
Паводле інфармацыі сваякоў вызваленых, а таксама паводле даных праваабаронцаў, на волю 14 верасня выйшлі: Павел Вінаградаў — быў асуджаны на 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму; Фёдар Мірзаянаў — адбываў 3 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму; Уладзімір Лобан— быў прыгавораны да 3 гадоў зняволення ў калоніі агульнага рэжыму; Дзмітрый Новік — быў асуджаны на 3,5 года ўзмоцненага рэжыму, Аляксандр Класкоўскі — быў прыгавораны да 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму; Алег Федаркевіч — адбываў 3,5 года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму; Дзмітрый Буланаў — быў прыгавораны да 3 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму; Аляксандр Атрошчанкаў — быў асуджаны на 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму; Аляксандр Малчанаў — адбываў 3 гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму; Мікіта Ліхавід — быў прыгавораны да 3,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму; Ілья Васілевіч — адбываў 3 гады ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Нагадаем, 14 верасня прэс-служба прэзідэнта паведаміла, што Лукашэнка, "кіруючыся прынцыпамі гуманнасці", падпісаў указ аб памілаванні яшчэ 11 фігурантаў крымінальнай справы аб масавых беспарадках. Аднак калі папярэднія два ўказы, паводле звестак прэс-службы прэзідэнта, прымаліся на падставе прашэнняў аб памілаванні, то ў гэтым пра такія прашэнні нічога не сказана. Памілаванню ўдзельнікаў падзей 19 снежня папярэднічала тайная сустрэча Лукашэнкі з міністрам замежных спраў Балгарыі Мікалаем Младзенавым у Мінску 26 жніўня. Пра яе стала вядома 1 верасня з ліста Младзенава вярхоўнаму прадстаўніку Еўрасаюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан, які трапіў у распараджэнне СМІ. Факт сустрэчы афіцыйна пацвердзіла МЗС Балгарыі. Младзенаў, у прыватнасці, інфармаваў Эштан, што Лукашэнка паабяцаў вызваліць чатырох палітзняволеных "да канца гэтага тыдня" (да 28 жніўня. — БелаПАН.), а ў дачыненні да яшчэ двух — зняць абвінавачанні. Усіх астатніх палітзняволеных беларускі прэзідэнт паабяцаў вызваліць да пачатку кастрычніка. Пазней польская газета Rzeczpospolita са спасылкай на крыніцу ў МЗС Польшчы паведаміла, што на сустрэчы з Лукашэнкам Младзенаў павінен быў прапанаваць беларускаму лідару аднаўленне адносінаў з Еўрасаюзам і 2 млрд. еўра ў абмен на вызваленне ўсіх палітзняволеных да канца 2011 года. Аднак МЗС Балгарыі катэгарычна абверг гэтыя звесткі. Усяго па справе аб масавых беспарадках 19 снежня асуджана 43 чалавекі. Першыя дзевяць асуджаных былі памілаваны Лукашэнкам 11 жніўня: Дзмітрый Дрозд, Арцём Грыбкоў, Сяргей Казакоў, Васіль Парфянкоў, Яўген Сакрэт, Уладзімір Яроменак, Аляксандр Квяткевіч, Віталь Мацукевіч і Уладзімір Хамічэнка. 1 верасня ён памілаваў яшчэ чацвярых — Алеся Кіркевіча, Андрэя Пратасеню, Алега Гнедчыка і Дзмітрыя Дароніна.

Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение