У Беларусі створаны Следчы камітэт

Аляксандр Лукашэнка 12 верасня падпісаў указ № 409 "Аб стварэнні Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь", паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

У адпаведнасці з дакументам для стварэння Следчага камітэта будзе выдзелены следчы апарат з сістэмы органаў пракуратуры, падраздзяленне папярэдняга расследавання з сістэмы органаў унутраных спраў і сістэмы органаў фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю. Вызначаны статус Следчага камітэта як "дзяржаўнага праваахоўнага органа і органа папярэдняга следства, падпарадкаванага прэзідэнту Беларусі, які ажыццяўляе ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі паўнамоцтвы ў сферы дасудовай крымінальнай вытворчасці". Акрамя таго, паведамляе прэс-служба, выбудавана адзіная цэнтралізаваная сістэма, якую будуць складаць Следчы камітэт (цэнтральны апарат), упраўленні па абласцях і Мінску, а таксама раённыя (міжраённыя), гарадскія, раённыя ў гарадах аддзелы Следчага камітэта. "Указам таксама замацаваны асноўныя задачы новага ведамства, у тым ліку ўсебаковае, поўнае, аб'ектыўнае і аператыўнае расследаванне злачынстваў, абарона правоў і законных інтарэсаў грамадзян, выкананне законнасці пры праверцы, разглядзе заяў і паведамленняў аб злачынствах, распачынанні крымінальных спраў, вытворчасці папярэдняга следства", — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы. Старшыня Следчага камітэта, яго намеснікі і начальнікі ўпраўленняў па абласцях і Мінску будуць прызначацца на пасады прэзідэнтам. Указ набывае моц 1 студзеня 2012 года. Нагадаем, рашэнне стварыць новую структуру Лукашэнка прыняў па выніках нарады з прадстаўнікамі сілавога блока 2 жніўня. Выступаючы на нарадзе, кіраўнік дзяржавы выказаў незадаволенасць якасцю працы сістэмы органаў папярэдняга расследавання. "Практыка паказвае, што амаль дзве трэці апраўдальных прыгавораў вынесены судамі з прычыны неналежнага выканання супрацоўнікамі органаў папярэдняга расследавання сваіх службовых абавязкаў", — заявіў Лукашэнка. Паводле яго слоў, ёсць нямала фактаў, калі асобы, вінаватыя ва ўчыненні злачынства, пазбягаюць крымінальнай адказнасці і сыходзяць ад пакрыцця нанесенага дзяржаве шматмільярднага ўрону. Разам з тым, паводле слоў Лукашэнкі, памылкі, што дапускаюцца аператыўнымі супрацоўнікамі, "а часам і прамыя фальсіфікацыі", не заўсёды выяўляюцца падчас папярэдняга расследавання. Ёсць факты, калі рашэнне аб прад'яўленні грамадзянам абвінавачання прымаюцца следчымі пры яўна недастатковым аб'ёме доказаў. Незалежныя аналітыкі, каментуючы намер стварыць Следчы камітэт, схіляліся да высновы, што ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму і прававога нігілізму саміх улад новы орган не павысіць якасць следства. Так, былы падпалкоўнік КДБ Валерый Костка ў інтэрв'ю вэб-выданню "Салідарнасць" выказаў меркаванне, што стварэнне Следчага камітэта з'яўляецца спробай размеркаваць сферы ўплыву паміж сілавымі структурамі. "Новы камітэт забірае джала ў чатырох цяперашніх сілавых структур: МУС, КДБ, Дзяржкантролю і пракуратуры, каб яны не джалілі адзін аднаго. Ён становіцца інструментам стрымлівання ў руках дыктатуры", — заявіў Костка. У сваю чаргу ў інтэрв'ю Deutsche Welle былы следчы пракуратуры, кіраўнік грамадскага аб'яднання "Прававая дапамога насельніцтву" Алег Волчак звязаў стварэнне новага ведамства з жаданнем кіраўніка дзяржавы засяродзіць уплыў на ўсе сілавыя структуры. Паводле слоў Волчака, раней Лукашэнка павінен быў мець у падпарадкаванні чатырох правераных людзей: старшыню КДБ, генпракурора, міністра ўнутраных спраў і старшыню Камітэта дзяржкантролю. "Зараз жа з'явіцца адзін адказны чалавек, які будзе кантраляваць усе спецслужбы, і да якога будзе сцякацца ўся інфармацыя", — прагназуе эксперт. Следчы камітэт будзе эфектыўным толькі ў тым выпадку, калі ўсе астатнія сілавыя структуры будуць пазбаўлены следчых функцый, лічыць былы спікер Вярхоўнага Савета, генерал-лейтэнант міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб. "Інакш з'явіцца новая структура-канкурэнт, і парадку стане яшчэ менш", — сказаў Мечыслаў Грыб у інтэрв'ю беларускай службе Радыё "Свабода". Старшыня праўлення асветнай установы "Цэнтр прававой інфармацыі" Алена Танкачова не бачыць неабходнасці ў стварэнні Следчага камітэта "з пункту гледжання рацыянальнасці і разумнага сэнсу". "Зразумела, для чаго гэта робіцца з пункту гледжання кіраўніка дзяржавы і яго акружэння: вышэйшыя эшалоны ўлады ўвесь час адчуваюць недавер, у тым ліку да дзейных праваахоўных органаў", — сказала Танкачова ў інтэрв'ю БелаПАН. "Стварэнне следчага органа пры прэзідэнце — гэта спроба цэнтралізаваць вакол яго новую структуру для запалохвання", — рэзюмавала яна.

Андрэй Серада, БелаПАН