У "Дудутках" адбыўся пажар

Увечары 10 верасня ў музейным комплексе «Дудуткі» адбыўся пажар. Як паведамілі «Нашай Ніве» на гарачай лініі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, пажар здарыўся ў двухпавярховым будынку музея — гарэлі драўляныя бэлькі і страха.

Ад агню пацярпела каля 600 квадратных метраў плошчы. Пацярпелых няма.

Пажар пачаўся каля 21.30. МНС выклікаў вартаўнік. Работнікі музея да іх прыезду эвакуявалі наведнікаў, вывелі з гаража 10 рарытэтных аўто — усю дудуткаўскую калекцыю. Агонь гасілі 15 адзінак пажарнай аварыйна-выратавальнай тэхнікі. Пажар ліквідавалі да 23.18, паведаміў сайт МНС.

У той вечар у «Дудутках» гулялі вяселле, высветліла «Салідарнасць». Згарэла каштоўная частка галерэі, у якой захоўваліся экспанаты — вынікі экспедыцый, фатаграфіі, архівы, два старадаўніх піяніна, пякарня.

Папярэдніх версій узнікнення пажара пакуль няма — следства ўжо распачалося.

На сайце музея «Дудуткі» 11 верасня з’явілася паведамленне, што, нягледзячы на шкоду, зробленую пажарам, музей адчынены і запрашае наведнікаў. «Усе нашы рамесныя майстэрні, бровар, шынок, сыраварня, канюшня і заасад, карчма, лазня, гатэль і кавярня «Дудуткі» працягваюць сваю працу», — паведамляе сайт. Папярэдне ацэненая і нанесеная шкода — згарэла этнаграфічная галерэя з экспанатамі на другім паверсе, павыгаралі з сярэдзіны памяшканні хлебапякарні і музея аўтарэтра.

Музей «Дудуткі» заснаваў у 1994 г. пісьменнік Яўген Будзінас.

"Наша Ніва"