Як СССР і Польшча мяняліся беларускімі палітвязнямі

У гэты дзень у 1933 годзе савецкая і польская дзяржава абмянялася беларускімі палітвязнямі. Абмен такі быў не адзін, але гэты — самы славуты , бо апісаны ў літаратуры.
З Салаўкоў быў вызвалены і адпраўлены ў Польшчу, у склад якой тады ўваходзіла Заходняя Беларусь, драматург Францішак Аляхновіч. У СССР з канцлагера ў Бярозе-Картузскай перасылалі грамадоўца і навукоўца Браніслава Тарашкевіча.

Злачынцамі яны лічыліся за палітычную ці культурную дзейнасць на карысць свайго краю, якая не ўкладалася ў ідэалогію дзяржаў, між якімі тады была падзеленая Беларусь.

Вось як апісвае сустрэчу на мяжы Францішак Аляхновіч у сваёй аповесці «У капцюрох ГПУ».

Падобныя ўражанні ад нечаканага вызвалення перажывалі і многія сённяшнія нашы палітвязні.

Неспадзяванкі

4-га верасня, калі я быў заняты мыццём калідораў, адарваў мяне ад работы старшы наглядач. Прыйшоў ён разам з цырульнікам. Пасадзілі мяне на ўслончык і агалілі.

Мяне вельмі здзівілі гэтыя захады каля мае асобы, бо ў „перасыльнай“ камеры, дзе людзі сядзелі толькі часова і адсылаліся далей, не было звычаю галіць вязняў.

Ад гэтага мамэнту падзеі надыходзілі адна па адной з надзвычайнай хуткасцю. Праз паўгадзіны пасля галення мяне павялі ў лазню, дзе далі новае нацеліва замест старога, не мянянага ўжо шэсць тыдняў. Ледзь паспеў я вярнуцца ў камеру, дзе пачаў апавядаць таварышам аб маіх дзіўных прыгодах, як расчыніліся дзверы, і мяне выклікалі з рэчамі на калідор. Адтуль павялі ў другое крыло астрогу і пасадзілі ў адзіночнай камеры, дзе далі добрую міску кашы, чайнік з гарбатай, дзесяць папярос, чыстую пасцель, падушку.

За гэтулькі гадоў першы раз раскашаваўся я адзіноцтвам.

Закурыўшы папяроску, пачаў разважаць аб маім новым палажэнні. Адно з двух: або мая справа вельмі благая, або вельмі добрая. Або абыходзяцца тут са мной гэтак, як з „важным“ злачынцам, або…

Гэтае другое дапушчэнне не хацела змясціцца ў маёй галаве. Пасля гэтулькіх расчараванняў не хацелася мець новага.

Але на разважанні я меў мала часу. Дзверы расчыніліся, і мяне павялі на ніжні калідор, дзе чакаў на мяне нейкі агент ГПУ.

— Ці не маеце лепшай вопраткі? — ветліва запытаўся ён у мяне, паглядзеўшы на мае лахманы.

Я адказаў, што не маю.

Паедзем зараз да радніка польскага пасольства… Вас выменьваюць у Польшчу…

Ад непамернасці шчасця дыханне сперлася ў мяне ў грудзёх. Уваччу ўсё закружылася. Я абапёрся аб сцяну, каб ня страціць раўнавагі. Нервовая сутарга сціснула мяне за горла.

Вось шкада… — замармытаў я хрыплым голасам.

Чаго шкада? — здзівіўся гепісты.

— Шкада, што ўжо ня здолею прымаць удзел у сацыялістычным будаўніцтве… Гепіст скасурыўся на мяне. Іронія была лішне выразная…

Да мяжы

Назаўтра ў адкрытым аўтамабілі — у кампаніі з савецкім афіцэрам і жаўнерам — ехаў я на вакзал. Мы вырушылі да мяжы…

А ўсё ж у вагоне пільнавалі мяне гэтак старанна, як быццам я ехаў не на волю, а назад на Салоўкі, і была небяспека, што спрабую ўцякаць. Нават у патрэбнае месца я ня мог пайсці без канвою…

Шпарка імчыцца цягнік, а мне здаецца, што ён цягнецца надта памалу. Нарэшце — Менск. Выходзім з вагону.

Да адыходу цягніка маем каля дзвюх гадзін. Мяне вядуць у памяшканне чыгуначнага ГПУ. Кажуць, што я буду бачыцца з маёй маткаю, якая жыве ў Менску. Сапраўды, праз мамэнт расчыняюцца дзверы і ўваходзіць, дрыжучы ад узварушання, старэнькая. Далі нам толькі паўгадзіны на гутарку.

Развітваючыся, аддаю матцы каля кілаграму чорнага хлеба, які мне далі на дарогу ў Бутырках. Рукі ў маткі трасуцца.

Сынок мой! Гэткі багаты дар!.. Мы ўжо даўно не мелі гэтулькі хлеба!

Але, можа, табе прыпатрэбіцца?

Будзь спакойная, маці… Мне гэты хлеб ужо не прыпатрэбіцца… Едзем далей. Коласава — мяжа.

Мяне ўводзяць у памяшканне прымежнага ГПУ. Савецкі жаўнер ні на крок ад мяне не адступае. На мамэнт затрымаўся нейкі пасажырскі цягнік. Мы ўсе чакаем. Прайшлі яшчэ два таварныя. Чакаем. Прайшло больш за дзве гадзіны. Пачынае сутонець…

Калі ж нарэшце?!

Аглядаю паразвешаныя на сценках „лозунгі“ і партрэты „вождей“. Хутка ўжо развітаюся з вамі — хіба што назаўсёды…

Ідзе нейкі цягнік…

Не, гэта вецер гудзець, — адказвае мой вартаўнік-жаўнер. Раптам убягае афіцэр, які вёз мяне з Масквы.

— Собирайтесь с вещами!

Апошні раз чую гэтую каманду, якую гэтулькі разоў даводзілася чуць па астрогах. Хапаю свае клункі і іду на перон.

Але… у той самы мамэнт

адчуваю, што я ўжо ня вязень. Наадварот — цяпер я ганаровая асоба.

Бо павадыр нашага паходу, нейкі чэкісты ў даўгім шынелю, з ромбамі на каўняры — адзнакі найвышэйшага вайсковага становішча — закамандаваў:

— Взять вещи!

Ураз жа падскочыў да мяне чырвонаармеец, які падхапіў мае манаткі, і мы пайшлі. Наперадзе ішоў гэны гепісты з генеральскімі адзнакамі, за ім — я, побач — жаўнер з рэчамі, за мною — канвой ды яшчэ нейкія людзі… Я на іх не ўзяў увагі.

Абмен

Надвор’е агіднае. Віхор гудзе ў недалёкім лесе і гоніць хмары, якія лятуць хутка-хутка і грамаздзяцца адна на адну, як быццам хочуць хутчэй праляцець над савецкай прымежнай брамай, што дзеліць два светы.

Углядаюся ў надпіс: „Коммунизм сметет все границы“, які бачыў гэтак даўно — у лістападзе 1926 г., калі ехаў у Савецкае гаспадарства з вераю ў магчымасць беларускае культурнае працы там — у БССР. Тады гэтак сама была восень, але я ехаў з надзеяй на вясну ў сэрцы. Сёння варочаюся, бадзяка, у астрожным бушлаце, працверазіўшыся на Салоўках, шчаслівы, што праз мамэнт нага мая пераступіць мяжу краіны „будаўніцтва сацыялізму“ — у адваротным кірунку. І сёння восень, але ў маёй душы цяпер светла, сонечна, радасна…

Прыглядаюся да паходу, які набліжаецца да нас — з таго боку.

Мой гепісты гэтак сама ўтаропіўся ў гэтую групу і ад часу да часу рэгулюе наш крок:

— Павальней!.. Хутчэй!..

Відаць, ідзець аб тое, каб прыйсці на ўмоўленае месца на мяжы ў дакладна азначаны час. Бо было б недалікатна прымушаць чакаць сябе, а лішняя паспешнасьць абніжала б прэстыж гаспадарства.

Гэтак я разумеў гэную каманду.

Я ўжо вырозніваў твары людзей, якія да нас падыходзілі. Наперадзе ішоў нейкі высокі мужчына ў цывільнай вопратцы. З ім — з двума паліцыянтамі па бакох — той, каго польскі ўрад абменьваў на мяне: Браніслаў Тарашкевіч. У гэты мамэнт

я адчуў ня толькі духовы, але і фізычны кантраст паміж намі. Вязень „капіталістычнага гаспадарства“ меў на сабе прызваіты фільцовы капялюш, добра скроенае восеньскае паліто, беззаганна вычышчаныя боты… Савецкі вязень ішоў у старэцкім падзёртым кажуху на салавецкім бушлаце…

Тарашкевіч ішоў, гледзячы на мяне з невыразнай усмешкай на твары.

Гэтулькі гадоў не бачыўшы, з зацікаўленнем

углядаўся я на гэтага чалавека, які, хоць у добрай веры, усё ж гэтулькі зламаў чалавечых жыццяў, кіруючы вочы сваіх землякоў на міраж за межавымі слупамі…

Цырымонія абмену. Адданне чэсці, паклон капелюшом, сцісканне рук, падпісанне акту абмену. І мы, калішнія прыяцелі, а цяпер — чужыя сабе людзі, шляхі якіх разыходзяцца ў процілежныя бакі, падалі сабе рукі. Звычайныя астрожныя кампліменты: „Добра выглядаеш“ — „Ты таксама“ — „Дзякуй, але сумляваюся“…

Пасля — колькі горкіх словаў за манлівыя міражы, але тут спыніў нашую гутарку старшыня польскае рэпатрыяцыйнае камісіі:

Panowie mieli mowic o sprawach prywatnych, a panowie mowia o polityce…

А савецкі генерал, пачуўшы нашую гутарку „на политическме темы“, ня ведаў, што рабіць, быў „захвачен врасплох“.

Урэшце — апошняе халоднае пацісканьне рук.

Бывай здароў!..

Ён з астрогу пойдзе туды, дзе ўвесь вялізарны край — гэта адзін вялікі астрог, дзе думка чалавечая сцісненая ў абцугах савецкага абсурду, дзе не толькі дзеяць і гаварыць, але і думаць, і дыхаць трэба паводле аднаго, для ўсіх абавязковага шаблону. Ён пойдзе ў край белага нявольніцтва, голаду, нэндзы, людаедства, а я — кіруюся на Захад, да „капіталістычных“ гаспадарстваў, дзе буду прынамсі спаць спакойна, ведаючы, што ўначы госці з ГПУ не пастукаюцца да мае гасподы.

Каб жа толькі не бачыць больш кашмарных сноў. Каб забыцца на пяцігодкі, ударніцтва, людаедства!..

Я ап’янеў ад шчасця. Нешта гавару, шмат гавару… Ідзём у святліцу КОПу. Штось апавядаю… О, бо-ж запраўды можна быць п’яным ад шчасця! Якое ж гэта дзіўнае пачуццё! Пяро мае не патрапіць апісаць гэтага стану.

Апавядаюць, што Мігэль Сэрвантэс, звярнуўшыся з няволі ў алжырскіх піратаў, сказаў, што найвялікшым шчасцем, якое можа спазнаць чалавек, ёсць радасць ад верненай волі. Гэткае шчасце спазнаў я 6 верасня 1933 году. Гавару аб сваёй радасці. Дзякую… Даўлюся словам!… Нешта сціснула мне горла ад узварушання…

Хто ведае, можа, варта сем гадоў цярпець мукі ў савецкіх астрогах, каб пасля перажыць такую часіну — часіну гэтага найвялікшага шчасця.

Гэта часіна ўжо больш не паўторыцца. Яе можна перажыць у жыцці толькі адзін раз.

У той самы вечар сядзеў я ўжо ў гасподзе ў Стаўбцах і спажываў мясную вячэру. Еў праўдзівы валовы біфштэкс. З цыбуляй! З бульбай! З белым хлебам! Дык ня дзіва, што пасля даўгагадовае галадоўлі сніліся мне ўначы — бальшавікі».

* * *

У якасці апокрыфа існуе гісторыя пра тое, што Аляхновіч, у часе той развітальнай «гутаркі пра палітыку», выгукнуў Тарашкевічу: «Бронюсь, куды ты ідзеш?!"

Браніслаў Тарашкевіч будзе арыштаваны НКВД 5 мая 1937 г., а 5 студзеня 1938 г. «двойкай» НКВД і Пракуратуры СССР прысуджаны да расстрэлу.

Францішка Аляхновіча застрэліць невядомы 3 сакавіка 1944 г. на парозе яго кватэры ў Вільні. У забойстве будуць падазраваць і Армію Краёву, і партызанаў, і немцаў, але вінаватых так і не знойдуць.

"Наша Ніва"


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение