Аргкамітэт Народнага сходу выступіў з заявай аб магчымасці перамоў з уладай

"Прымусіць уладу да перамоў з грамадствам могуць толькі патрабаванні масавых народных сходаў", лічыць нацыянальны аргкамітэт па правядзенні Народнага сходу.

"8 кастрычніка грамадзяне Беларусі ў многіх гарадах збяруцца на народныя сходы, дзе абмяркуюць і выставяць свае прапановы і патрабаванні да ўлады. Народныя сходы пройдуць у адпаведнасці з Канстытуцыяй і законам "Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах", — гаворыцца ў распаўсюджанай 1 верасня заяве за подпісам сустаршыняў нацыянальнага аргкамітэта Віктара Івашкевіча і Генадзя Фядыніча. "Усе грамадзяне, у тым ліку ўсе без выключэння палітычныя зняволеныя, павінны мець права бесперашкодна браць удзел у народных сходах. Народныя сходы неабходныя цяпер таму, што ўлады давялі Беларусь да сацыяльна-эканамічнага крызісу і паставілі на карту незалежнасць нашай дзяржавы. Лёс краіны павінны вырашаць адказныя грамадзяне, а не чыноўнікі, якія страцілі давер народа", — перакананыя члены аргкамітэта. Плануецца, што народныя сходы абяруць паўнамоцных прадстаўнікоў і даручаць ім перадаць патрабаванні органам улады. Такім чынам, "паўнамоцныя прадстаўнікі народных сходаў будуць легітымнымі перагаворшчыкамі з уладай ад імя грамадзян Беларусі", — адзначаецца ў заяве. Аргкамітэт акцыі нагадвае, што Закон аб зваротах грамадзян патрабуе ад улад на працягу месяца даць афіцыйны адказ на зварот да іх. "Таму 8 лістапада ўсе кансультацыі павінны быць завершаныя і ўлады будуць абавязаныя даць адказ на народныя патрабаванні", — падкрэсліваюць прадстаўнікі апазіцыі. "8 лістапада грамадзяне зноў збяруцца на народныя сходы і прымуць рашэнне або пагадзіцца з прапановамі ўлады, або дамагацца яе змены. Улада абавязана весці дыялог найперш з народам. Адказная ўлада павінна ўсяляк спрыяць ініцыятыве масавых народных сходаў. Без крэдыту даверу ад народа ніякія замежныя крэдыты не дапамогуць", — гаворыцца ў заяве. Яе аўтары падкрэсліваюць, што "свабода правядзення народных сходаў і вызваленне ўсіх палітычных зняволеных будуць галоўным сведчаннем гатоўнасці ўлады да дыялогу з грамадствам". Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка 29 жніўня ў Мінску на нарадзе педагагічнага актыву выступіў з ініцыятывай грамадскага дыялогу. Ён прапанаваў "усім разважным людзям, якія любяць сваю краіну, да якога б палітычнага лагера яны ні належалі, сесці за круглы стол, паглядзець адзін аднаму ў вочы і рэальна ацаніць, хто чаго варты і што можа зрабіць для эфектыўнага паляпшэння сітуацыі ў краіне". "Хочаце ваяваць і змагацца — калі ласка: змагайцеся ў адкрытай дыскусіі, даказвайце сваю праўду, адстойвайце свой пункт гледжання", — дадаў Лукашэнка. На наступны дзень яго прапанову абмеркавалі на сустрэчы ў Мінску лідары Аб'яднанай грамадзянскай партыі, Партыі БНФ, Беларускай партыі левых "Справядлівы свет", рухаў "За Свабоду" і "Гавары праўду!", аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя". Журналістаў на сустрэчу не запрасілі. Па выніках перамоў было заяўлена, што лідары апазіцыі прыйшлі да адзінага меркавання — без вызвалення палітзняволеных перамовы з уладай немагчымыя.