30 жніўня – Міжнародны дзень зніклых

Адзначаецца гэты дзень з ініцыятывы Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа, які звярнуўся да сусветнай супольнасці з заклікам даць больш сур’ёзную ўвагу адной з найбольш складаных гуманітарных праблем, якія ўзнікаюць падчас узброеных канфліктаў.
Традыцыю адзначэньня Дня зніклых без вестак 30 жніўня запачаткавала ў пачатку 1980-х гадоў лацінаамерыканская Федэрацыя сваякоў зніклых людзей FEDEFAM. Гэтая арганізацыя ў якасці першай, а ўслед за ёю такія праваабарончыя арганізацыі, як Amnesty International, Human Rights Watch і “Мемарыял”, пачалі ўздымаць на міжнароднай арэне пытанне зніклых людзей. Колькі людзей ува ўсім свеце лічацца зніклымі без вестак, дакладна невядома. Паводле FEDEFAM, практыка затрымання і затым знішчэння людзей стала выкарыстоўвацца ўладамі Гаіці і Гватэмалы яшчэ ў 1960-я гады. Знікненні палітычных апанентаў сталі ў Лацінскай Амерыцы, у прыватнасці ў Чылі, у гады кіравання генерала Піначэта ледзь не нормай. Паводле арганізацыі, з 1960-х гадоў агулам у Лацінскай Амерыцы зніклі без вестак 90 тысяч чалавек, а на сённяшні дзень у гэтым сэнсе найгоршая сітуацыя ў Калумбіі. Дзякуючы намаганням праваабарончых арганізацый у 1992 годзе Генеральная Асамблея ААН прыняла адмысловую дэкларацыю ў пытанні гвалтоўных выкраданняў. Гвалтоўнае выкраданне было прызнана злачынствам у канстытуцыях шэрагу краінаў свету. У снежні 2006 года Генеральная Асамблея прыняла Канвенцыю аб абароне ад гвалтоўнага выкрадання. Упершыню ў гісторыі з'явіўся міжнародны дакумент, які абавязвае ўрады ўключаць выкраданні людзей у лік злачынстваў, прадугледжаных заканадаўствам, а таксама гарантаваць судовае расследаванне і пакаранне вінаватых. Канвенцыя ставіць па-за законам сакрэтнае ўтрыманне пад вартай, патрабуе паведамляць сваякам і адвакатам аб месцы знаходжання затрыманых і прычынах іх затрымання. Дакумент падпісалі больш за 80 дзяржаў. Беларусь гэтай канвенцыі не падпісала. У Беларусі няма войнаў і канфліктаў. Але чатыры чалавекі – палітыкі Юрый Захаранка, Віктар Ганчар, бізнэсовец Анатоль Красоўскі і тэлеаператар Зміцер Завадскі – зніклі пры загадкавых абставінах. Крымінальныя справы аб іх знікненні не раз прыпынялі, потым аднаўлялі зноў. Патрабаванні раскрыць праўду пра выкраданне гэтых людзей змяшчаюцца ў рэзалюцыях Камісіі ААН у пытаннях правоў чалавека, Парламэнцкіх асамблеях Рады Еўропы і АБСЕ. Дзейным і былым чыноўнікам сілавых структур Уладзіміру Навумаву, Віктару Шэйману, Юрыю Сівакову, Дзмітрыю Паўлічэнку забаронены ўезд у ЗША і краіны Еўразвязу з прычыны падазрэння ў дачыненні да знікнення Зміцера Завадскага, Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, Анатоля Красоўскага. 

"Радыё Свабода"