Нацбанк прапанаваў банкам на рынках і ў гандлёвых цэнтрах працаваць толькі на куплю валюты

Нацыянальны банк Беларусі прапануе банкам на рынках і ў гандлёвых цэнтрах працаваць толькі на куплю валюты для яе наступнага продажу на сацыяльна значныя мэты. Такая рэкамендацыя ўтрымліваецца ў разасланым у банкі лісце.

Як паведамілі БелаПАН ва ўпраўленні інфармацыі Нацбанка, банкам рэкамендавана разгледзець пытанне аб ажыццяўленні іх асобнымі абменнымі пунктамі і касамі, размешчанымі на тэрыторыі буйных гандлёвых цэнтраў і рынкаў, аперацый толькі па куплі наяўнай замежнай валюты.

Купленая замежная валюта павінна будзе накіроўвацца банкам на продаж насельніцтву для аплаты ім сацыяльна значных патрэб (лячэнне за мяжой, пражыванне і навучанне студэнтаў за мяжой, выезд за межы краіны ў сувязі з хваробай або смерцю сваякоў і інш.).  Для атрымання дазволу на правядзенне такіх аперацый банкам трэба звярнуцца ў галоўнае ўпраўленне валютнага рэгулявання і валютнага кантролю Нацбанка. Пры гэтым неабходна ўказаць нумар і адрас абменнага пункта, касы, размешчаных на тэрыторыі буйных гандлёвых цэнтраў і рынкаў. Цяпер патрэбы грамадзян у замежнай валюце для сацыяльных мэтаў задавальняе ААТ "ААБ "Беларусбанк". Банк збірае замежную валюту за кошт правядзення аперацый толькі па яе куплі праз абменныя пункты на пагранічных пераходах, тэрыторыях устаноў адпачынку і затым рэалізуе насельніцтву. Нагадаем, з мэтай забеспячэння большай даступнасці продажу валюты насельніцтву на сацыяльна значныя мэты яна будзе арганізавана таксама ў "Белаграпрамбанку", "Белінвестбанку, "Парытэтбанку", "Альфа-Банку".

Для куплі валюты на сацыяльныя мэты ў маі—ліпені 2011 года ў "Беларусбанк" звярнулася больш чым 5 тысяч чалавек. Усяго было прададзена долараў, еўра, расійскіх рублёў і іншай валюты на суму каля 4,5 млн. долараў у эквіваленце.

Аляксей Арэшка, БелаПАН