У Беларусі зачыняюць 65 школ, пераважна — беларускамоўных

Сёньня на прэс-канфэрэнцыі ў Менску намесьнік міністра адукацыі Казімір Фарыно заявіў пра закрыцьцё ў Беларусі яшчэ 65 школ. Чыноўнік паведаміў, што зачыняюцца ў асноўным так званыя малакамплектныя школы, дзе, па яго словах, цяжка арганізаваць якасны навучальны працэс. На тое, што пераважная большасьць ліквідаваных школ — беларускамоўныя, спадар Фарыно ўвагі не зьвярнуў...

Напярэдадні новага навучальнага года карэспандэнты «Свабоды» высьвятлялі сытуацыю зь беларускамоўным навучаньнем.ГАРАДЗЕНШЧЫНАТБМ спрабуе пераканаць бацькоўЦі зьменіцца становішча зь беларускамоўнай адукацыяй у Горадні? Ці зьявіцца хоць адна кляса з навучаньнем на роднай мове? Кожны дзень размаўляе па тэлефоне з супрацоўнікамі аддзелаў адукацыі Алесь Крой, кіраўнік Гарадзенскай абласной Рады ТБМ. Пакуль што вынікі запісу ў беларускія клясы такія, кажа ён:«Кастрычніцкі раён: сем чалавек падалі заявы, усе розныя школы абсалютна, толькі ў 34-й дзьве заявы ёсьць. Там і плянуецца стварыць беларускую клясу ў гэтым раёне гораду. Былі й пэртурбацыі: у 32-й школе бацька падаў заяву, а калі жонка даведалася, прыйшла перапісала ў рускую клясу».У Горадні два адміністрацыйныя раёны, другі — Ленінскі.Крой: «Па Ленінскім тры-чатыры чалавекі напісалі заявы, сказаў учора начальнік гарадзкога аддзелу адукацыі. Мне здаецца, што на аднаго чалавека можа быць больш, бо ў мяне папярэднія зьвесткі былі. Адчуваньне такое: пяцьдзясят на пяцьдзясят. Усе сілы былі кінуты на агітацыйную кампанію. Нібыта ніхто ня супраць, ня робіць такіх перашкодаў сур’ёзных. Нельга рабіць пэсымістычных высноваў пакуль, рана, таксама як і аптымістычных».Журналіст Уладзімір Хільмановіч таксама марыць, каб у Горадні былі беларускія клясы:«Я прайшоў гэты шлях — спробу стварэньня беларускамоўнай клясы. Летась мы з прафэсарам Астроўскім, іншымі прадстаўнікамі грамадзкіх арганізацый, найперш ТБМ, імкнуліся зрабіць такую клясу. На жаль, гэтага не ўдалося зрабіць. І на сёлетнія пэрспэктывы, нягледзячы на зьнешнюю прыхільнасьць, нібыта ляяльнасьць мясцовых уладаў, я гляджу досыць пэсымістычна».Уладзімір Хільмановіч ня бачыць з боку ўладаў захадаў сапраўды скіраваных на тое, каб у Горадні дзеці мелі магчымасьць навучацца на роднай мове. Што для гэтага трэба?Трэба ствараць прэстыж элітарнай беларускамоўнай клясы.«Па-першае, трэба вярнуць беларускую мову ў ВНУ. Таму што бацькі глядзяць прагматычна, яны бачаць, як у дзяржаве нішчыцца, дыскрымінуецца беларуская мова. А па-другое, каб улады насамрэч хацелі стварыць беларускамоўныя клясы, то можна было б абвясьціць набор у трох-чатырох школах найбольш прэстыжных, стварыць імідж гэтых клясаў як элітарных у пэўным сэнсе, забясьпечыць добрымі настаўнікамі. І тады б людзі самі падавалі заявы, ня трэба было б іх агітаваць, яны б бачылі, што ствараецца кляса, якая ня будзе гетам, а будзе прэстыжнай і элітарнай».У Гудзевіцкай беларускай гімназіі настаўнікі выкладаюць на трасянцы, а вучні гавораць па-расейску.У Мастоўскім раёне — адзіная беларускамоўная гімназія ў вёсцы Гудзевічы. Менавіта ў Гудзевічах, пры гімназіі, дагэтуль існуе вядомы на ўсю краіну Гудзевіцкі этнаграфічны музэй, які стварыў заслужаны настаўнік Беларусі Алесь Белакоз.Ва ўсе гады, калі ў школе працаваў Алесь Белакоз, яна адзначалася беларускасьцю, яе наведвала шмат гасьцей, пераймалі досьвед, вучыліся. І, самае галоўнае, усе настаўнікі выкладалі па-беларуску, вучні між сабой размаўлялі на беларускай мове.Зьміцер Краснапеўцаў два апошнія гады пасьля заканчэньня ўнівэрсытэту выкладаў у Гудзевіцкай гімназіі гісторыю, а вось днямі яго звольнілі. З дэкрэту вярнулася настаўніца, якую ён падмяняў, а старшыня Мастоўскага райаддзелу адукацыі сказаў маладому настаўніку, што болей у іх раёне яму ні ў якую школу не ўладкавацца.Зьміцер Краснапеўцаў адважыўся ў 2010 годзе ўдзельнічаць у мясцовых выбарах незалежным кандыдатам. Я папрасіў яго распавесьці пра тое, ці засталася ў Гудзевіцкай гімназіі атмасфэра беларускасьці, якую некалі стварыў Алесь Белакоз разам з сваімі калегамі і вучнямі.Краснапеўцаў: «У прынцыпе, гэта гімназія беларускамоўная і ўсе прадметы павінны выкладацца па-беларуску. Але настаўнікі выкладаюць усе прадметы ў лепшым выпадку на трасянцы. Самі дзеці часам адказваюць на ўроках па-беларуску, але ў большасьці на трасянцы, а размаўляюць паміж сабою адназначна па-расейску».У Слонімскім раёне ўлады сёлета праводзілі рэклямную кампанію ў мясцовым друку з агітацыяй, каб аддавалі дзяцей у беларускія клясы. Але бацькі на гэта рэагуюць даволі млява. Вось што распавёў адзін з бацькоў першаклясьнікаў, які прысутнічаў у школе на сходзе:«Прысутнічала прыблізна 50 бацькоў, і зь іх толькі трое адразу пагадзіліся аддаваць сваіх дзяцей у беларускія клясы, а астатнія — не. Складаная сытуацыя, дый хто хоча аддаваць дзяцей у беларускія клясы, калі ўсюды ўсё па-расейску і ВНУ таксама».БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНАБеларускамоўныя клясы — у Берасьці й БаранавічахУ Берасьці пры жаданьні ёсьць куды пайсьці вучыцца па-беларуску. Праўда, толькі ў пачатковую школу гімназіі № 3 або ў беларускую клясу пачатковай школы № 34. У старэйшых клясах берасьцейскія вучні па-беларуску не навучаюцца.У мінулым навучальным годзе беларускамоўная кляса існавала ў сярэдняй школе № 2 Бярозы, але ўвесну яе расфармавалі.Адзіная беларускамоўная кляса існуе ў Баранавічах. Зьявілася яна з ініцыятывы сям’і Малашчанкаў у мінулым годзе. Бацькі адстаялі права свайго дзіцяці пайсьці ў першую клясу зь беларускамоўным навучаньнем. У выніку да іх далучыліся яшчэ дзьве сям’і, і цяпер у гэтай клясе навучаюцца трое дзетак.Тацьцяна Малашчанка кажа, што было б прыемна, каб у гэтым годзе ў Баранавічах зьявілася яшчэ адна беларускамоўная кляса. Спадарыня лічыць, што павінна быць пераемнасьць, таму што вельмі важна вучыць дзяцей па-беларуску:«Чаму важна вучыцца па-беларуску — гэта вечнае пытаньне. У кожнага народу ёсьць свая мова, і ў адносінах да Бога гэтае пытаньне таксама вельмі важнае».Чыноўнікі канстатуюць, што новай беларускамоўнай клясы ў гэтым годзе ў Баранавічах не плянуецца. Пакуль у мясцовы аддзел адукацыі бацькі не падалі дзеля гэтага ніводнай заявы.Аднак кіраўнік баранавіцкай арганізацыі Таварыства беларускай мовы Віктар Сырыца кажа, што ТБМ прыкладае вялікія намаганьні, каб яшчэ адна беларуская кляса ў Баранавічах адчынілася:«Гэта будзе зрабіць вельмі цяжка, таму што толькі адзін чалавек ёсьць, які жадае вучыцца. І то яшчэ ня вырашыў канчаткова гэтае пытаньне».ВІЦЕБШЧЫНАМясцовыя чыноўнікі лічаць беларускую мову «калгаснай»Спадарыня Тацяна з Глыбокага спадзявалася, што яе дачка пойдзе сёлета ў беларускамоўную клясу мясцовай гімназіі. Але на бацькоўскім сходзе паведамілі, што паступіла толькі 6 заяваў на беларускамоўнае навучаньне, і таму абедзьве 5-я клясы будуць расейскамоўныя:«Калісьці ў нас быў беларускамоўны садок. Цяпер яго ўжо няма, бо некаторыя бацькі, якія лічаць сябе інтэлігенцыяй, а іхныя бацькі былі ў нас тут мясцовымі чыноўнікамі, вырашылі арганізаваць збор подпісаў за расейскую мову. Бо беларускую яны лічаць калгаснай мовай, і няма чаго іхным дзецям на ёй размаўляць... Яны дайшлі да міністэрства, ім там дазволілі. А вось цяпер ужо два-тры гады, як і беларускамоўная гімназія стала расейскамоўнай».Паводле спадарыні Тацяны, цяпер па-беларуску давучваюцца ў гімназіі толькі старшаклясьнікі: досьвед збору подпісаў за навучаньне па-расейску пашырыўся, і за апошнія гады амаль усе клясы на жаданьне бацькоў адмовіліся ад роднай мовы.Гімназія лічыцца самай прэстыжнай навучальнай установай у Глыбокім, сюды імкнуцца аддаць сваіх дзяцей і мясцовыя чыноўнікі, і іншыя службоўцы высокага рангу. Адзін зь іх, распавядае спадарыня Тацяна, нават зрабіў заўвагу дырэктарцы Людміле Хверанец за тое, што выступала на бацькоўскім сходзе па-беларуску:Падыходзіць да дырэктара: „Чаму вы гаварылі на беларускай мове? А што будзе, калі астатнія вашы настаўнікі будуць па-беларуску размаўляць з нашымі дзецьмі?«Падыходзіць да дырэктара: „Чаму вы гаварылі на беларускай мове? А што будзе, калі астатнія вашы настаўнікі будуць па-беларуску размаўляць з нашымі дзецьмі? Тут жа расейскамоўная гімназія!“. Ну, яна і адказала, што ў нас дзьве дзяржаўныя мовы, што шмат чыноўнікаў гаворыць па-беларуску... Але ў мяне шок быў: як гэта — падыйсьці да дырэктара і рабіць ёй заўвагі?! Мне там адміністрацыя падабаецца — яны і па-беларуску размаўляюць, і ўвогуле разумныя людзі!».«Нацыянальная гімназія» практычна перайшла на расейскую мовуАдміністрацыя глыбоцкай гімназіі мусіла саступіць патрабаваньням бацькоў, якія змагаліся за навучаньне па-расейску. Але ў віцебскай гімназіі № 1 бацькі такіх патрабаваньняў не выстаўлялі. Тым ня менш навучальная ўстанова, якая раней называлася «Нацыянальная гімназія», практычна перайшла на расейскую мову і адмовілася ад статусу нацыянальнай.Часткова беларускамоўным можна было лічыць толькі навучаньне ў малодшых клясах, гаворыць маці сёлетняга выпускніка пачатковай школы:«Зь першай клясы — беларуская мова, прычым на нармальным узроўні — яны вучылі вершы добрыя... Былі беларуская мова, беларуская літаратура і „Мая Радзіма — Беларусь“. Прычым калі па гэтым прадмеце мой дзіцёнак рыхтаваўся адказваць па-беларуску, гэта толькі віталася. І бадай што ўсё. Ну, яшчэ дзёньнікі запаўнялі па-беларуску клясы да трэцяй. А потым сказалі, што можна па-расейску, і трэба па-расейску, і ўсе пачалі запаўняць на расейскай мове».Пасьля пачатковай школы навучацца па-беларуску ў абласным цэнтры проста няма дзе. Хоць ёсьць багата бацькоў, якія гатовыя аддаць дзіця ў беларускамоўную школу. І некаторыя адмыслова возяць дзяцей на вёску — каб падвучыцца, распавядае настаўніца Заронаўскай пачатковай школы Людміла Нікіціна:«Каму яна шкодзіць, мова? Да мяне во хлапчанё ходзіць займацца, дзьве клясы ў гарадзкой школе скончыў. Бацькі хочуць, каб ён валодаў беларускай мовай. Яны тут на лецішчы, дык і папрасілі мяне пазаймацца. А калі хто ўвогуле ніякай мовы вучыць ня хоча, той потым свае праблемы і перакідае: маўляў, мова вінаватая! А нашы дзеткі нармальна вучыліся і ў Санкт-Пецярбургу акадэміі пасканчвалі — пасьля нашай некалі базавай Заронаўскай школкі!».Праўда, сёлета ў Заронаўскай пачатковай школе будзе ўсяго 10 вучняў, якія змогуць вучыцца па-беларуску. І зь пятае клясы яны ўсё адно пойдуць у суседнюю базавую, расейскамоўную школу.

"Радыё Свабода"


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение