Сталі вядомыя імёны некаторых удзельнікаў падзей 19 снежня, памілаваных Лукашэнкам

Сталі вядомыя імёны некаторых удзельнікаў падзей 19 снежня 2010 года, памілаваных кіраўніком дзяржавы. Усе яны адбывалі пакаранне ў Бабруйскай калоніі, паведамляе праваабарончы сайт www.spring.org. Сярод іх — Дзмітрый Дрозд, Арцём Грыбкоў, Сяргей Казакоў, Андрэй Пратасеня. Не выключана таксама, што сярод памілаваных Уладзімір Лобан і Аляксандр Класкоўскі.
Як паведамлялася раней, 11 жніўня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб памілаванні дзевяці чалавек, асуджаных за ўдзел у шматтысячным мітынгу апазіцыі ў Мінску ў дзень прэзідэнцкіх выбараў. "Такое рашэнне прынята на падставе просьбаў названых асоб з улікам таго, што яны ўсвядомілі супрацьпраўны характар сваіх дзеянняў, прызналі віну і шчыра раскаяліся", — паведаміла прэс-служба прэзідэнта. Пры гэтым прозвішчы памілаваных у паведамленні не называліся. Паводле наяўнай інфармацыі, экс-кандыдатаў у прэзідэнты сярод іх няма, бо ні Мікалай Статкевіч, ні Дзмітрый Ус, ні Андрэй Саннікаў прашэнняў аб памілаванні не падавалі. У МУС Беларусі БелаПАН заявілі, што па стане на 18.00 11 жніўня ўказ да іх яшчэ не паступаў. Нагадаем, да крымінальнай адказнасці за арганізацыю масавых беспарадкаў 19 снежня 2010 года і ўдзел у іх было прыцягнута каля 40 чалавек. Даведка БелаПАН. Дзмітрый Дрозд і Андрэй Пратасеня былі асуджаныя 5 мая судом Кастрычніцкага раёна Мінска. Абодва яны прызнаныя вінаватымі па частцы 2 артыкула 293 КК (удзел у масавых беспарадках) і прыгавораныя да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Сяргей Казакоў асуджаны 12 мая судом Маскоўскага раёна Мінска на тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Арцём Грыбкоў асуджаны 26 мая судом Ленінскага раёна сталіцы і прыгавораны да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з прымусовым лячэннем ад алкагалізму. Аляксандра Класкоўскага суд Ленінскага раёна Мінска 26 мая прызнаў вінаватым па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: удзел у масавых беспарадках; знявага прадстаўніка ўлады; самавольнае прысваенне звання або ўлады службовай асобы. Ён прыгавораны да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Уладзімір Лобан быў асуджаны 12 мая судом Маскоўскага раёна Мінска і прыгавораны да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму.