У Мінску здымаюць кіно паводле аповесці Васіля Быкава

4-серыйную стужку "Бліндаж" здымае рэжысёр Аляксандр Гарноўскі. У аснову фільма легла аднайменная аповесць класіка беларускай літаратуры.

Сцэнар паводле быкаўскай аповесці напісала Зоя Кудра, вядомая па такіх серыялах, як "Ліквідацыя", "Курсанты", "Мяжа: Таёжны раман". Здымкі міні-серыяла завершацца ўжо 4 верасня, паведамляе "Беларускі партызан".

Нагадаем, што яшчэ адзін фільм паводле твораў Быкава здымае вядомы рэжысёр беларускага паходжання Сяргей Лазніца. Яго паўнаметражны фільм грунтуецца на аповесці "У тумане". Здымкі ідуць у Латвіі на мяжы з Беларуссю. Фінансуюць праект нямецкія, латвійскія і галандскія прадзюсары. У карціне здымаюцца прафесійныя акцёры з Нямеччыны, Расіі ды Латвіі.

"Еўрарадыё"