Мінюст Літвы перадаў інфармацыю Мінску пра 400 беларускіх рахункаў

Намеснік міністра юстыцыі Літвы Томас Вайткевічус паведаміў на спецыяльнай прэс-канферэнцыі з нагоды арышту беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, што міністэрства перадало беларускім ўладам інфармацыю пра банкаўскія рахункі ў Літве 400 грамадзян Беларусі.

Вайткевічус сказаў, што паміж Беларуссю і Літвой існуе дамова, паводле якой такая інфармацыя павінна прадастаўляецца паводле запыту кожнай з краінаў. Паводле віцэ-міністра, сёлета Літва перадала для Беларусі інфармацыю пра 400 чалавек, а Беларусь для Літвы перадала падобнай за інфармацыі пра 500 чалавек.

Сярод іншага Беларусі была перададзеная і інфармацыя аб прыватных рахунках, адкрытых на імя правабаронцы Алеся Бяляцкага і некаторых іншых беларускіх праваабаронцаў у літоўскіх банках "DnB NORD" і "SEB". Банкі мелі права адмовіцца выдаць гэтую інфармацыю, заявіў віцэ-міністар. Паводле яго, міністэрства накіравала ў банкі рэкамэндацыю перадаць гэтую інфармацыю, але гэта не было загадам.

Вайткевічус заявіў таксама, што практыка выдачы такой інфармацыі беларускаму боку цяпер прыпыненая. На пытанне, ці ведаў пра гэта міністр юстыцыі і кіраўніцтва дзяржавы, Вайткевічус адказаў, што паводле звычайнай працэдуры ня трэба была інфармаваць пра гэта кіраўніцтва краіны і нават міністра.

***

Падставай для арышту кіраўніка праваабарончага цэнтра «Вясна» Алеся Бяляцкага і ператрусаў у гэтай арганізацыі стала інфармацыя аб банкаўскіх рахунках, якую беларускаму боку прадаставіла Міністэрства юстыцыі Літвы, заявілі на прэс-канферэнцыі ў Вільні прадстаўнікі «Вясны».

Намеснік старшыні праваабарончага цэнтра «Вясна» Валянцін Стэфановіч, адказваючы на пытанні журналістаў у Доме правоў чалавека, расцаніў такія дзеянні літоўскага ведамства як непаразуменне, якое аднак дорага абыйдзецца Літве.

«Расцэньваю як непаразуменне, але яно будзе дорага вам каштаваць», — сказаў праваабаронца.

Паводле яго слоў, інфармацыя аб рахунках была перададзеная ў сакавіку гэтага года. У пачатку ліпеня В. Стэфановіч і А. Бяляцкі былі выкліканыя ў Падатковую інспекцыю, якая прад’явіла праваабаронцам акт і раздрукоўкі банкаўскіх рахункаў у банках SEB і NORD, паведамляе ru.delfi.lt

Кіраўнік праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі быў затрыманы вечарам 4 жніўня.

На яго кватэры, лецішчы і офісе «Вясны» прайшлі ператрусы. На частку маёмасці, якая знаходзілася ў офісе, быў накладзены арышт. З кватэры Бяляцкага, дзе ператрус прайшоў раней, забралі камп’ютар.

Пасля допыту ў Дэпартаменце фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю Бяляцкі быў ўзяты пад варту. Як паведаміла БелаПАН праваабаронца Таццяна Равяка, ён затрыманы на трое сутак у якасці падазраванага па крымінальнай справе, заведзенай па частцы 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса Беларусі (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры). Максімальнае пакаранне па гэтым артыкуле прадугледжвае пазбаўленне волі да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

Цяпер Алесь Бяляцкі знаходзіцца ў камеры ў Дэпартаменце фінансавых расследаванняў КДК.

“Наша Ніва”