Алесь Бяляцкі ўзяты пад варту

Кіраўнік праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі пасля допыту ў дэпартаменце фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю ўзяты пад варту.

Як паведаміла БелаПАН праваабаронца Таццяна Равяка, Бяляцкі затрыманы на трое сутак у якасці падазронага па крымінальнай справе, распачатай на падставе часткі 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса Беларусі (ухіленне ад уплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры). Максімальнае пакаранне па гэтым артыкуле прадугледжвае пазбаўленне волі да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці. Бяляцкі будзе знаходзіцца ў СІЗА на вуліцы Валадарскага, паведаміла праваабаронца.

Нагадаем, Бяляцкага даставілі ў ДФР пасля завяршэння вобыску ў офісе арганізацыі, які размешчаны па праспекце Незалежнасці, 78а. На частку маёмасці, што знаходзілася ў офісе, быў накладзены арышт. З кватэры Бяляцкага, дзе вобыск праведзены раней, забраны камп'ютар. Допыт у дэпартаменце фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю прайшоў у прысутнасці адваката Бяляцкага Дзмітрыя Лаеўскага.

Нагадаем, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі быў затрыманы 4 жніўня ў раёне плошчы Перамогі прыблізна ў 17.00. Пра сваё затрыманне ён паспеў паведаміць Таццяне Равяка. Прыкладна праз паўгадзіны жонка праваабаронцы паведаміла БелаПАН па тэлефоне, што яны з Алесем знаходзяцца дома, дзе пачаўся вобыск. Пасля гэтага жанчыне забаранілі размаўляць па тэлефоне.

Праваабарончы цэнтр "Вясна", які ўзначальвае Бяляцкі, дзейнічае з 1998 года. У 1999 годзе ён быў зарэгістраваны як рэспубліканскае праваабарончае грамадскае аб'яднанне. У кастрычніку 2003 года "Вясну" ліквідавалі рашэннем Вярхоўнага суда. Прычынай ліквідацыі стаў удзел членаў арганізацыі ў назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі 2001 года. У сакавіку 2004 года цэнтр "Вясна" быў прыняты ў склад Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека. Беларускія праваабаронцы тройчы спрабавалі зарэгістраваць арганізацыю, але беспаспяхова.

Андрэй Серада, БелаПАН

Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение