Суткі і штрафы за акцыю салідарнасці з Дашкевічам

3 жніўня ў Дрыбіне і Горках (Магілёўская вобласць) прайшлі суды над затрыманымі ўдзельнікамі пікета ў падтрымку лідара "Маладога фронту" Змітра Дашкевіча.

Пікет, нагадаем, прайшоў 2 жніўня каля горацкай калоніі, дзе адбывае пакаранне Дашкевіч. Маладзёжныя актывісты патрабавалі ад адміністрацыі калоніі дазволу на сустрэчу Дашкевіча з адвакатам. Актывісты выстраіліся каля папраўчай установы з расцяжкай "Спыніце пераслед!". Праз некаторы час да іх падбеглі супрацоўнікі міліцыі і работнікі калоніі. 14 чалавек былі затрыманыя. Ноч з 2 на 3 жніўня яны правялі ў міліцыі. Чакалася, што судзіць затрыманых будуць у Горках, аднак большая частка іх была перавезеная ў Дрыбін у сувязі з тым, што сёння Горкі наведваў Аляксандр Лукашэнка. У горацкім судзе разглядаліся адміністрацыйныя справы чатырох затрыманых. У выніку Максім Сямёнаў асуджаны на 10 сутак арышту, Аляксандр Вялітчанка пакараны штрафам у памеры 1 млн. рублёў. Дзмітрыя Шурхая і Івана Шылу з залы суда адпусцілі пасля таго, як яны запатрабавалі адвакатаў — апошніх напрыканцы працоўнага дня ў судзе не аказалася. Разгляд спраў Шылы і Шурхая пройдзе ў горацкім судзе 8 жніўня. На 9 жніўня перанесены і суд над Раманам Васільевым. Такое рашэнне прыняў дрыбінскі суд пасля таго, як Раман папрасіў даць яму адваката. Актывіста адпусцілі да наступнага пасяджэння. Дрыбінскі суд асудзіў таксама Мікалая Дзямідзенку на 17 сутак арышту, Яўгена Скрабца — на 10, Ганну Шаруба — на 13, Аляксея Сянчылу — на 7, Юлію Міхайлаву — на 10, Рамана Панжына — на 5, Вячаслава Барысава — 10 сутак. На 10 сутак арышту асуджана і незалежная журналістка Таццяна Шапуцька. На слуханнях яна заявіла, што падчас пікета выконвала свае прафесійныя абавязкі. Прагледзеўшы ўсё знятыя ёй матэрыялы і праслухаўшы аўдыёзапісы, суд прыняў іх да ведама, аднак на прыгавор гэта не паўплывала. На 12 сутак арышту асуджана Анастасія Палажанка — намеснік старшыні міжнароднага грамадскага аб'яднання "Малады фронт" і нявеста Дзмітрыя Дашкевіча. Большасць затрыманых абвінавачаныя па двух артыкулах Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях —  удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве і непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі.

Уладзімір Лапцэвіч, БелаПАН