Прэс-сакратар МЗС Пуціну: Суверэнітэт – не прадмет для дыскусіі

Міністэрства замежных спраў Беларусі не бачыць неабходнасці каментаваць учарашнюю заяву Уладзіміра Пуціна, заявіў прэс-сакратар беларускага знешнепалітычнага ведамства Андрэй Савіных.

Нагадаем, выступаючы 1 жніўня ў Цвярской вобласці на маладзёжным форуме «Селігер-2011», прэм’ер-міністр Расіі заявіў, што Аляксандр Лукашэнка паслядоўна ідзе па шляху інтэграцыі з Расіяй. На пытанне, ці могуць Расія і Беларусь стаць адным цэлым, як гэта было ў часы Савецкага Саюза, Пуцін адказаў: «Гэта магчыма, вельмі пажадана і поўнасцю залежыць — на 100% залежыць — ад волевыяўлення беларускага народа».

Ён зазначыў, што ў Беларусі ёсць розныя падыходы да інтэграцыйных працэсаў і важна, каб голас у абарону інтэграцыі быў пачуты. «Але пры ўсіх цяжкасцях, якія ўзнікаюць час ад часу, скажам, у сферы эканомікі, у энергетыцы, з газам мы спрачаемся, трэба аддаць належнае сённяшняму кіраўніцтву рэспублікі і Лукашэнку Аляксандру Рыгоравічу, які паслядоўна ідзе па шляху інтэграцыі з Расіяй», — падкрэсліў Пуцін.

«МЗС не бачыць неабходнасці каментаваць гэтую заяву.

Варта зазначыць, што прэм’ер-міністр Расіі падкрэсліў, што гэтае пытанне на 100% залежыць ад волевыяўлення беларускага народа», — сказаў прэс-сакратар беларускага МЗС.

Пытанне аб суверэнітэце Беларусі ўзнімалася 17 чэрвеня на прэс-канферэнцыі Аляксандра Лукашэнкі беларускім СМІ. Тады беларускі кіраўнік заявіў, што большасць насельніцтва «не хоча быць ні ў складзе Расіі, ні ў Еўрасаюзе на прынцыпе краін Балтыі». «І я гэтага не хачу, — падкрэсліў Лукашэнка. — Я хачу, каб мы сваё шчасце знайшлі тут. Такая палітыка і такая незалежнасць дарагога каштуе. <…> Калі я кажу будаваць шчасце на сваёй зямлі — большасць грамадства гэта падтрымлівае».

Паводле слоў Лукашэнкі, Расія ставіць умовы ўвайсці ў яе склад, калі Беларусь хоча цану на газ, як у Смаленскай вобласці. «Напэўна, яны маюць рацыю. Але мы будзем плаціць 250 долараў за тысячу кубоў. Можна так, а можна так. Мы выбралі такі шлях. Вы хочаце ісці іншым — ідзіце, але без мяне», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Наша Ніва"