Першая ластаўка: Перастаў выходзіць «Спорт-Экспресс» в Белоруссии»

Ад 18 ліпеня ў Беларусі перастала выдавацца штодзённая газета «Спорт-Экспресс» в Белоруссии». Як паведамілі ў мінскім офісе выдання, няма магчымасці купіць шклоўскую паперу.

Нагадаем, што ў пачатку ліпеня з’явілася інфармацыя, што Шклоўскі завод газетнай паперы адмаўляецца прадаваць паперу не дзяржаўным СМІ. Тады з праблемамі сутыкнуліся рэгіянальныя «Intex-press» і «Брестский курьер».

Намеснік дырэктара завода Алег Падабед казаў тады, што падыход у забеспячэнні паперай дзяржаўных і недзяржаўных СМІ будзе розным. «Усе СМІ, якія раней былі ў „дзяржзаказе“ мы, вядома, будзем забяспечваць паперай,

для астатніх будзем выстаўляць нашу прадукцыю на біржу»,

— заявіў ён. «Нам сёння выгадней прадаваць паперу на экспарт, чым беларускім перакупшчыкам», — адзначаў А.Падабед.

У мінскім офісе «Спорт-Экспресса» зазначаюць,

што цяпер проста немагчыма купіць паперу, тым не менш вядуцца перамовы. Калі будзе адноўлены выхад газеты, невядома.

***

«Спорт-Экспресс» — самае папулярнае спартыўнае выданне ў Расіі. Выдаецца ад 14 жніўня 1991 г. Друкуецца ў 22 гарадах Расіі, а таксама Кіеве, Сімферопалі, Запарожжы, Рызе, Алмаце, Астане, Ташкенце. дзе існуюць замежныя рэдакцыі. Прыкладам, украінская рэдакцыя робіць цалкам самастойны нумар з акцэнтам на мясцовым футболе.

У Мінску «Спорт-Экспресс» в Белоруссии» выдаваўся ад 16 студзеня 2001 года. Як і ў Маскве, выходзіў 6 разоў на тыдзень. Найбольшы наклад меў панядзелкавы нумар — больш за 5 тыс. асобнікаў.

"Наша Ніва"