Памерла Ірына Палянская, адна з першых беларускіх эстрадных спявачак

26 ліпеня на 94-м годзе жыцця памерла адна з першых беларускіх эстрадных спявачак, педагог па вакале Ірына Палянская.

Кар'ера спявачкі пачалася ў Ленінградзе, дзе яна была салісткай джаз-аркестра Барыса Карамышава. У гады Вялікай Айчыннай вайны Палянская выступала ў складзе франтавой канцэртнай брыгады. Паводле слоў відавочцаў, нават на імправізаваную сцэну яна выходзіла заўсёды прыгожая, элегантная, у модных сукенках і абавязкова ў туфлях на абцасе. У БССР Ірына Палянская прыехала ў сярэдзіне 1950-х гадоў.

Публіка называла яе "беларускай Шульжэнкай", і Палянская не крыўдзілася, таму што Клаўдзія Шульжэнка была яе кумірам. Пакінуўшы сцэну, Ірына Палянская працавала педагогам па вакале. Сярод яе вучняў — Нэлі Багуслаўская, Надзея Мікуліч, Аляксандр Ціхановіч, Ядвіга Паплаўская, Таццяна Арлоўская, Алёна Свірыдава. За шматгадовую канцэртную і педагагічную дзейнасць Палянская не была адзначана ганаровымі званнямі і ўзнагародамі.

Аксана Яноўская, БелаПАН