Яшчэ два адвакаты фігурантаў справы аб масавых беспарадках не прайшлі атэстацыю

Ганна Бахціна, адвакат Ірыны Халіп, і Дар'я Ліпкіна, якая абараняла Мікіту Ліхавіда, не прайшлі пазачарговую атэстацыю, ініцыяваную Міністэрствам юстыцыі.

Як паведаміла БелаПАН Ганна Бахціна, пасяджэнне атэстацыйнай камісіі адбылося 26 ліпеня, яго ўзначаліў начальнік галоўнага ўпраўлення юстыцыі Мінгарвыканкама Мікалай Зелянко. Паводле слоў адваката, пры аб'яўленні рашэння камісіі афіцыйная фармулёўка прычын непраходжання атэстацыі не абвяшчалася. Гэта было зроблена толькі пасля просьбы Бахціной. У якасці прычын неатэстацыі ёй назвалі тры падставы: "парушэнне адвакацкай дзейнасці і правілаў прафесійнай этыкі, а таксама вядзенне невялікай прававой прапаганды сярод насельніцтва". Адвакат пакуль не вырашыла, як будзе дзейнічаць у такой сітуацыі. Такое рашэнне, паводле слоў Бахціной, стала для яе нечаканасцю, бо яна ўпэўнена ў сваім прафесіяналізме. Паводле інфармацыі Бахціной, атэстацыю сёння таксама не прайшла яе калега Дар'я Ліпкіна. Рашэнне аб пазачарговай атэстацыі адвакатаў з 15 чэрвеня па 15 верасня Мінюст прыняў у маі "ў мэтах павышэння адказнасці адвакатаў за выкананне дзяржаўных функцый па забеспячэнні правоў і свабод фізічных і юрыдычных асоб, якаснага выканання прафесійных абавязкаў па аказанні кваліфікаванай юрыдычнай дапамогі". Як раней паведамляў БелаПАН, у лютым Мінюст пазбавіў ліцэнзій чатырох адвакатаў Мінскай гарадской калегіі адвакатаў — Алега Агеева, Таццяну Агееву, Уладзіміра Толсціка і Тамару Гараеву, якія абаранялі фігурантаў справы аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня. 6 сакавіка са складу калегіі быў выключаны адвакат Павел Сапелка. 23 сакавіка Мінюст папярэдзіў прэзідыум Мінскай гарадской калегіі адвакатаў пра магчымасць прымянення да "некаторых службовых асоб" прэзідыума мер дысцыплінарнага і адміністрацыйнага характару ў выпадку "працягу палітыкі канфрантацыі" і "палітызавання пытанняў спынення дзеяння ліцэнзій" членаў калегіі. З просьбай спыніць пераследы беларускіх адвакатаў да міністра юстыцыі Віктара Галаванава звярталіся прадстаўнікі шэрагу міжнародных структур, у тым ліку Еўрапейскай асацыяцыі адвакатаў па крымінальных справах (ЕСBA). 6 чэрвеня Павел Сапелка накіраваў у Канстытуцыйны суд Беларусі зварот, у якім назваў рашэнне Мінюста аб пазачарговай атэстацыі адвакатаў супярэчнымі заканадаўству.

Анастасія Янушэўская, "БелаПАН"

Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение