БНФ разьвітваецца са знакамітай сядзібай

Партыя БНФ у апошні дзень валоданьня цэнтральным офісам на праспэкце Машэрава, 8 у Менску правяла акцыю "Разьвітаньне зь сядзібай".

На апошнюю вечарыну ў слыннай сядзібе прыйшлі палітыкі, экс-кандыдаты на прэзыдэнта, журналісты, дзеячы культуры. З будынку сядзібы быў зьняты бел-чырвона-белы сьцяг. "Мы яго не згортваем, а робім перадыслякацыю. Бел-чырвона-белы сьцяг будзе лунаць і далей", – заявіў старшыня партыі Аляксей Янукевіч. Сьцены сядзібы, якую сёньня маюць забраць камунальныя службы Менску, расьпісаныя графіці: "Жыве Беларусь!", "БНФ яшчэ скажа праўду", "БНФ назаўсёды!" На вокны павязвалі бел-чырвона-белыя стужкі.

Кіраўніцтва партыі запрашае празь месяц на прэзэнтацыю новай менскай сядзібы — на вуліцы Крапоткіна, 93а.
Экс-кандыдат на прэзыдэнта ад БНФ Рыгор Кастусёў заявіў Свабодзе: "Па функцыянальнай прыналежнасьці новы офіс будзе выконваць усе тыя функцыі, якія выконвала ранейшая сядзіба на Машэрава, 8. Ва ўсякім разе мы будзем такую магчымасьць ствараць. Там можна будзе праводзіць і вечарыны і сустрэчы… Офіс прыстойны, месца не такое і кепскае. Зразумела, што былое памяшканьня шкада, гэта гістарычнае месца: з Машэрава, 8 пачыналася гісторыя дэмакратычнага руху Беларусі. З гэтага офіса пайшлі розныя партыі, грамадзкія арганізацыі, тут адбываліся імпрэзы, выставы, канцэрты. Думаю, што зь цягам часу мы на гэты офіс вернемся.  Але я не думаю, што там будзе партыйная сядзіба, таму будзе музэй беларускай дэмакратыі".