Расстрэл «Нашай Нівы» прызначаны на 12 ліпеня

12 ліпеня, а 14.30 у Вышэйшым гаспадарчым судзе (Валадарскага, 8) адновіцца разгляд справы аб закрыцці газеты «Наша Ніва». Калі ВГС возьме бок Міністэрства інфармацыі, найстарэйшая беларуская газета страціць магчымасць легальна выдавацца ў Беларусі. Такое было толькі пры таталітарных рэжымах.
Лукашэнкаўцы рыхтуюцца на надуманых і палітычна матываваных падставах ліквідаваць выданне, з якога пачыналася беларуская дзяржаўнасць.

Працэс закрыцця быў ініцыяваны міністэрствам Праляскоўскага пасля таго, як 14 красавіка «НН» атрымала трэцяе цягам году папярэджанне.

Фармальнай нагодай для яго стала «недакладная інфармацыя» ў нататцы «Дзяўчына знаходзілася пад заваламі, калі Лукашэнка ўскладаў кветкі». Маленькая нататка ў самым нізе газетнай старонкі апавядала, што адна з ахвяраў выбуху ў метро 11 красавіка нібыта заставалася на станцыі да позняга вечара. Гэты факт пасля абвяргалі медыкі.

На думку Мінінфарма, распаўсюд гэтай інфармацыі «прычыняе шкоду грамадскім інтарэсам, дыскрэдытуе органы дзяржаўнай улады, выратавальныя і медыцынскія службы».

Ініцыюючы справу аб знішчэнні газеты, Мінінфарм заплюшчыў вочы на тое, што Рэдакцыя ўжо на наступны дзень дала ўдакладненую інфармацыю

пра Марыну Шубіч — на сайце «НН» яна з’явілася нават раней, чым было вынесенае папярэджанне.

Любы дэмакратычны суд адмёў бы дзьмутыя абвінавачанні:

якая можа быць «дыскрэдытацыя», калі ў артыкуле няма ніводнай ацэнкі? Якая «шкода грамадскім інтарэсам», калі такая фармулёўка наогул не прапісаная ў нацыянальным заканадаўстве?

Ёсць недакладнасць, якая патрабуе абвяржэння, і толькі. У стрэсавай сітуацыі пасля выбуху памылкі рабілі ўсе — і дзяржаўныя выданні, якія давалі няпоўныя спісы пацярпелых, і афіцыйныя органы, якія памылкова апублікавалі ў пераліку загінуўшых імёны дзвюх жывых асобаў. Ці дало папярэджанне Міністэрства інфармацыі за гэта?

Рэдакцыя скарысталася законным правам аспрэчыць вынесенае папярэджанне. На час разгляду абскарджання ў першай інстанцыі працэс аб ліквідацыі газеты быў прыпынены. 30 мая суддзя Алена Маёрава пакінула папярэджанне ў сіле. Рэдакцыя абскардзіла прысуд у касацыйнай калегіі Вышэйшага гаспадарчага суда, і касацыя была прынятая. Разгляд яе прызначаны на 26 ліпеня.

Здавалася б, лагічней было дачакацца канчатковага рашэння па касацыі, а пасля аднаўляць справу аб закрыцці газеты. Але рэч у тым, што 14 ліпеня мінае тры месяцы з дня вынясення папярэджання. Паводле заканадаўства, пасля гэтага закрыць газету ўжо нельга.

Адначасова з працэсам «НН» ідзе суд аб закрыцці «Народнай Волі». У 2006–2008 гадах гэтыя газеты былі пазбаўленыя магчымасці распаўсюду праз «Белпошту» і «Белсаюздрук». У канцы 2008-га яны вярнуліся ў сеткі распаўсюджвання — гэта быў перыяд нармалізацыі адносінаў з Еўрасаюзам, і ўлады пайшлі на касметычныя крокі лібералізацыі.

Менш чым за тры гады пасля вяртання ў распаўсюд «Народная Воля» павялічыла тыраж ў 2,5 разу, а аўдыторыю сайта — у яшчэ большай прапорцыі. За той жа час наклад «Нашай Нівы» вырас у 3,4 разу — цяпер ён рэкордны за ўвесь час існавання газеты. Як і аўдыторыя сайта «Нашай Нівы» — у маі 2011 яна склала 113 тысяч карыстальнікаў (дадзеныя gemius.pl).

Гэты рост папулярнасці — яшчэ адна прычына для расправы з незалежнымі СМІ. Калі грымнуў эканамічны крызіс, людзі пачалі шукаць у іх праўдзівай інфармацыі. «НН» у Мінску не дакупіцца, вяртанне з кіёскаў «Белсаюздруку» складае некалькі працэнтаў. Рэпартажы з «маўклівых акцый» у серады набіраюць на сайце НН па сто тысяч праглядаў. Улада збіраецца знішчыць «НН» на ўздыме яе папулярнасці.

Спроба знішчыць два цэнтральныя незалежныя выданні выклікала рэзкую рэакцыю ў краіне і за яе межамі.

Сотні чытачоў звярнуліся ў Міністэрства інфармацыі з патрабаваннем спыніць працэс закрыцця газет, выказалі словы падтрымкі рэдакцыям. Рада міністраў ЕС адзначыла пагрозу закрыцця «Нашай Нівы» і «Народнай волі» сярод трох асноўных праблемаў ва ўзаемадачыненнях Еўрапейскага Саюза з Беларуссю.

У суседніх краінах не было аналагічных выпадкаў ліквідацыі цэнтральных СМІ. Прадстаўніца АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Дуня Міятавіч рэзка асудзіла практыку вынясення выданням «папярэджанняў» і ліквідацыі іх на гэтай аснове. Між тым у Беларусі гэта не першы выпадак «забойства» незалежных медыяў. У мінулыя гады шляхам закрыцця, прыпынення выхаду, забрання хваляў або фактычнай забароны друку і распаўсюду лукашэнкаўцы спынілі «Свабоду», «Навіны», «Пагоню», «Белорусскую деловую газету», «Згоду», «Курьер из Борисова», «Новую газету Сморгони», Радыё 101.2, «Биржу информации» ды мноства іншых мінскіх і рэгіянальных СМІ. Пасля выбараў 2010 года было ліквідаванае «Аўтарадыё».

Лукашэнкаўцы знаходзілі ў кожным выпадку сваю віну. Дзясяткі незалежных журналістаў у Беларусі прайшлі праз турмы, некалькі чалавек знікла ці загінула пры нявысветленых абставінах.

Знішчэнне «Нашай Нівы» не прынясе карысці нават яго ініцыятарам. Яно стане ўдарам па іміджы беларускай улады як у краіне, так і на міжнароднай арэне. Абмежаванне свабоды слова і свабоднага атрымання інфармацыі — парушэнне аднаго з базавых правоў чалавека.

Суд над газетай «Наша Ніва», якая ёсць адным з сімвалаў нацыі, пачнецца 12 ліпеня а 14.30 у Вышэйшым гаспадарчым судзе (Валадарскага, 8). Працэс будзе адкрыты.

"Наша Ніва"


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение