Невядомы лёс дзясяткаў затрыманых удзельнікаў акцыі 3 ліпеня

Праваабаронцы спрабуюць даведацца пра лёс шэрагу затрыманых удзельнікаў маўклівай акцыі пратэсту 3 ліпеня. Паводле неафіцыйных даных, падчас акцыі было затрымана прыкладна 390 чалавек: каля 210 чалавек — у Мінску, прыкладна 180 — у рэгіёнах. Афіцыйных даных па колькасці затрыманых і асуджаных дагэтуль няма.

Паводле даных праваабаронцаў, першыя працэсы над затрыманымі прайшлі 4 ліпеня. У Мінску яны праходзілі ў судах Савецкага, Маскоўскага, Партызанскага, Кастрычніцкага, Фрунзенскага, Заводскага і Ленінскага раёнаў. У гэты дзень тут было асуджана 46 чалавек. Усе яны прызнаныя вінаватымі па артыкуле 17.1 Адміністрацыйнага кодэкса (дробнае хуліганства). Большасць асуджаных прыгавораныя да арыштаў на тэрмін ад 5 да 15 сутак. Шэсць чалавек пакараныя штрафамі ў памеры 20—30 базавых велічынь. Паводле падлікаў праваабаронцаў, больш за 30 чалавек правялі ноч з 4 на 5 ліпеня ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. Чакалася, што судовыя працэсы працягнуцца 5 ліпеня, аднак у канцылярыях судоў ніякай інфармацыі наконт гэтага не даюць, прычым не толькі праваабаронцам, але і родным затрыманых. Такім чынам, узнікае пытанне: або суды праходзілі 5 ліпеня пад грыфам сакрэтнасці, або яны прызначаныя на іншыя даты, адзначаюць праваабаронцы. Цяпер яны спрабуюць высветліць лёс затрыманых. Каментуючы БелаПАН ход судовых працэсаў, якія адбыліся 4 ліпеня, праваабаронца Анастасія Лойка звярнула ўвагу на тое, што на 15-сутачныя арышты асуджаюць нават дзяўчат, чаго, паводле яе слоў, даўно не было. "Быў не проста брутальны разгон з прымяненнем фізічнай сілы, але і працягваецца вельмі жорсткае абыходжанне з людзьмі, гэта значыць іх цяпер караюць адміністрацыйным арыштам на значны тэрмін, і ўмовы адбывання пакарання такія, што яны прыраўноўваюцца да катаванняў", — падкрэсліла Лойка. Яна таксама адзначыла, што ў большасці судоў адсутнічае інфармацыя на стэндах і людзям не даюць магчымасці прысутнічаць на працэсах. "Нават падыходзіць да асуджаных і даведацца нейкую інфармацыю нельга", — сказала Лойка. Нагадаем, вызваліць затрыманых удзельнікаў акцыі мірнага пратэсту запатрабавалі ад афіцыйнага Мінска беларускія і міжнародныя праваабарончыя структуры, Еўрапарламент, АБСЕ, урады шэрагу дзяржаў.

Марына Носава, "БелаПАН"