Вечар Апладысментаў. Арганізатары заклікаюць збірацца на «цэнтральных пунктах раёна»

Прайшоў ужо месяц, як пачаліся штотыднёвыя Вечары Апладысментаў. На першы ніхто нават не звярнуў увагі. Ну, прыйшлі маладзёны на Плошчу. Пад гітарку песенькі паслухалі, марожанага паелі. Здавалася, што тут страшнага?

Але пасля пратэсты пачалі нарастаць. Плошчу абносілі турнікетамі, пасылалі на яе БРСМаўцаў маршыраваць і танцаваць.

Былі шматлікія затрыманні і арышты. 15, 22, 29 чэрвеня і 3 ліпеня ў 15 гарадах краіны агулам затрымалі каля 1250 чалавек! Гэта пры тым, што афіцыйныя СМІ гавораць пра «купку пратэстуючых». Як і пасля выбараў, спрацавала беларуская салідарнасць: для аштрафаваных праз інтэрнэт людзі сабралі дзясяткі мільёнаў рублёў.

Разам з тым, казаць, што мінскія акцыі былі надзвычай шматлікімі, не выпадае. Відаць, на пікавую акцыю 22 чэрвеня выйшла не болей за 5 тысяч чалавек.

Але галоўная нечаканасць — абуджэнне рэгіёнаў. Ну скажыце, калі апошні раз на вулічныя пратэсты ў абласных гарадах выходзіла па тысячы чалавек? Прычым ініцыятыву перахоплівалі па чарзе.

22 чэрвеня найбольш людзей сабралася ў Гомелі. 29 чэрвеня магутныя, радасныя шэсці адбыліся ў Брэсце (75 затрыманых) і Гродне (без затрыманняў). 3 ліпеня ў лідарах быў ужо Магілёў — радзіма Лукашэнкі. У Гродне 3 ліпеня ў аўтазакі трапіла аж 120 чалавек! Рэгіянальны рэкорд свабоды сходу.

Пасля доўгіх гадоў жыхары гэтых гарадоў перасталі баяцца выказваць свой пратэст. Гэта можна аднесці да пераломных момантаў гэтага лета.

Ажылі і меншыя гарады. Такія як Маладзечна, Наваполацк, Баранавічы, Мазыр, Бабруйск, Кобрын. Тут збіралася да сотні чалавек і болей. Для некаторых мясцінаў, як Мёры, Быхаў, Чэрыкаў, Бярозаўка (Лідскі раён), Чачэрск гэта былі першыя акцыі пратэсту за часамі Лукашэнкі.

Тым не менш, 3 ліпеня стала відавочна, што інтарэс да акцый пачаў меншаць. У нейкай ступені гэта адказ на дзеянні арганізатараў, якія не змаглі падагрэць цікавасць новымі формамі пратэсту, а таксама страх перад рэпрэсіямі. Які наступны этап дзеяння? — цікавіліся ўдзельнікі.

Гэта прымусіла арганізатараў задацца пытаннем, ці варта працягваць акцыі. У апытанцы на іхнай старонцы «Вконтакте» абсалютная большасць адказала, што так. Для рэгіёнаў фармат не змяніўся. Там па-ранейшаму заклікаюць прыходзіць, а 19.00 у серады на цэнтральныя плошчы, а вось з Мінскам вырашылі мяняць.

На сваіх старонках яны заклікаюць збірацца каля сваіх ЖЭСаў, а пасля ісці на «цэнтральны пункт раёна» — да палацаў спорту і лядовых палацаў, гіпермаркетаў і гандлёвых цэнтраў. Адпаведныя спісы месцаў падаюцца.

Арганізатары заклікаюць проста разам хадзіць. Хлопаць пачынаць толькі ў тым выпадку, калі няма небяспекі затрымання.

«Добра, што яны шукаюць новыя формы, — кажа прадпрымальнік і блогер Ян М. — Фантазія працуе, крэатыўнаму падыходу і пошуку новых фарматаў рэспект. Але ёсць пэўны песімізм праз тое, што ўлады, хоць і не адразу, але знойдуць спосабы супрацьстаяння грамадзянскаму супраціву і ў такім фармаце».

Улады па-ранейшаму працягваюць называць зборы людзей на Плошчах незаконнымі і заклікаюць грамадзян устрымлівацца ад удзелу ў іх. Афіцыйныя СМІ вядуць зладжаную кампанію крытыкі на адрас пратэстоўцаў.

Беларуская Канстытуцыя гарантуе свабоду сходу і слова. На практыцы яе часта немагчыма зрэалізаваць.

Зміцер Панкавец, "Наша Ніва"


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение