Андрэй Пачобут вызвалены ў зале суда

Андрэй Пачобут прыгавораны да трох гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на два гады. Такое рашэнне абвясціў 5 ліпеня суддзя Ленінскага суда Гродна Віталь Ляцко. Журналіст быў вызвалены ў зале суда.

Як паведаміў БелаПАН гродзенскі журналіст Анджэй Пісальнік, Пачобута апраўдалі па частцы 1 артыкула 368 (знявага прэзідэнта Беларусі) і прызналі вінаватым па частцы 1 артыкула 367 (паклёп у дачыненні да прэзідэнта) Крымінальнага кодэкса.

Пракурор Аляксандр Южык прасіў суд прыгаварыць журналіста да пазбаўлення волі на тры гады ў калоніі агульнага рэжыму.

Суд над карэспандэнтам польскай "Газеты выборчай" быў закрытым. Сваякі Пачобута чакалі больш жорсткага прыгавору. Максімальнае пакаранне па першым артыкуле КК, які ставіўся ў віну журналісту, — два гады пазбаўлення волі, па другім — чатыры гады. Апошняе слова журналіста Андрэя Пачобута доўжылася менш за хвіліну. Ён заявіў, што не прызнае ні сваёй віны, ні гэты суд. Выйшаўшы з будынка суда, журналіст заявіў, што не лічыць сябе вінаватым у паклёпе на прэзідэнта і будзе абскарджваць прыгавор. Паводле слоў Пачобута, паклёп суд угледзеў у тым, што ў публікацыях ён назваў Лукашэнка дыктатарам.

Крымінальная справа ў дачыненні да Пачобута была распачата 28 сакавіка. У пастанове пракуратуры сказана: "Пачобут А.С. <...> у перыяд 2010—2011 гг. размясціў у глабальнай камп'ютарнай сетцы інтэрнэт на сайтах www.wyborcza.pl, belaruspartisan.org і poczobut.livejournal.com створаныя ім тэкставыя публікацыі, названыя "Час закручваць гайкі", "Лукашэнка знайшоў чарговую мэту", "У Беларусі выбары без выбару", "Кажыце мне бацька", "Так правіць Лукашэнка", "Лукашэнка: Так, я сфальсіфікаваў выбары", "Свабода па-беларуску. Пакаяўся дык выйшаў?", "Перадвыбарны папулізм па-беларуску", "Так пужае беларускі КДБ" і адзін тэкст без назвы, які пачынаецца словамі "Дзякуй усім..." і заканчваецца словамі "...можаце выкарыстоўваць", у якіх утрымліваюцца прыкметы публічнай знявагі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Пачобут быў затрыманы 6 красавіка за парушэнне падпіскі аб нявыездзе: ён збіраўся выехаць з Гродна ў Мінск для ўдзелу ў відэаканферэнцыі з дэпутатамі Еўрапарламента. Спачатку Пачобута затрымалі на трое сутак, затым меру стрымання змянілі з падпіскі аб нявыездзе на ўтрыманне пад вартай.

Вызвалення Андрэя Пачобута патрабуюць беларускія і міжнародныя праваабарончыя структуры, кіраўніцтва Еўрасаюза, ЗША і Польшча, якая з 1 ліпеня старшынствуе ў ЕС.

Таццяна Каравянкова, "БелаПАН"


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение