Па ўсёй Беларусі судзяць "рэвалюцыянераў"

Сёння ў беларускіх судах праходзяць працэсы над затрыманымі падчас акцыі маўчання 3 ліпеня. Па словах праваабаронцаў, па ўсёй краіне былі затрыманыя каля 400 чалавек. Не менш 140 чалавек з раніцы знаходзіліся ў турме на Акрэсціна ў Мінску.

15:10. У Маскоўскім судзе Мінску Антон гліністы арыштаваны на 5 сутак. Андрэй Галоўкін прызнаў сябе вінаватым спадзеючыся, што дадуць менш. Яго вывелі з залы, таксама сышоў і суддзя. Журналісты чакаюць, паведамляе Радио «Свабода». 15:05. У судзе Маскоўскага раёна Мінска пачаліся суды над затрыманымі. Прывезлі 15 чалавек. Тых, каго чакалі ў судзе сваякі, не прывезлі. За дробнае хуліганства будуць судзіць Аляксея Афанасьева, Віталя Варченю, Вікторыю Бандарэнка, Ягора Бабаян, Дзмітрыя Гарэцкага, Уладзіміра Дудара, Арцёма Гроднікава, Віктара Абрамава, Мікалая Астапчыка, Антона Гліністага, Андрэя Галоўкіна, Алену Дробаву, Сяргея Гаўрылюка, Аляксея Двараніковіча, Ганну Бязрукаву. Суддзі - Бандарэнка, Казак, Кострыкаў, Матыль, Краўчанка, Сезін, Шылько. Абяцаюць прывесці яшчэ адну партыю затрыманых. 15:00 Па словах праваабаронцы Раман Кісляка, сёння ў Брэсце праходзяць суды над грамадскімі актывістамі Іванам Стасюком, Аляксандрам Чаркашыным і Артурам Анісімавым. Усе абвінавачваюцца ў дробным хуліганстве. Артур Анісімаў ўжо асуджаны на 6 сутак арышту.

14:40 Пасля абедзеннага перапынку ў Ленінскім раённым судзе Гродна пачаўся разгляд адміністрацыйных справаў людзей, якія былі затрыманыя ўвечары 3 ліпеня і да ночы знаходзіліся ў міліцэйскіх участках. На ганку суду чакалі дзесяткі чалавек.

Ёсць звесткі, што ў першай палове дня судзілі тых затрыманых, каго пакінулі на ноч у ізалятары часовага ўтрымання і, па меншай меры, некаторых з іх асудзілі да арышту. А некаторым з тых, хто прыйшоў у Ленінскі суд пасля абеду, даюць новую позву на 6 ліпеня. 14:20 Чатырох жыхароў Віцебска, затрыманых учора за тое, што фатаграфавалі акцыю маўклівага пратэсту, аштрафавалі на 70 тысяч кожнага.

Максім Дымаў, Віталь Грыгор'еў, Аляксандр Фадзееў і Васіль Коласаў былі затрыманыя праз дарогу ад плошчы Перамогі, на якой праходзіла акцыя "Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку" - бліжэй яны нават не падыходзілі. Міліцыянеры склалі на кожнага пратакол за нецэнзурную лаянку ў грамадскім месцы. Ноч хлопцы правялі ў ізалятары часовага ўтрымання. 4 ліпеня суддзя Першамайскага райсуда Валянціна Кісмерошкіна прызнала ўсіх чатырох вінаватымі ў дробным хуліганстве.

14:10 Гомель: прысуды ўдзельнікам "маўклівай" акцыі. Суддзя Цэнтральнага суду Гомеля Алена Цалкова на падставе адміністрацыйных пратаколаў, складзеных у Цэнтральным РАУС за лаянку і парушэнне грамадскага парадку, пакарала арыштамі: на 15 сутак - праваабаронцу Анатоля Паплаўнага, на 2 сутак - Валерыя Хамутоўскага і Дзмітрыя Сцепанца.

Галіна Стараселец аштрафаваная на 105 тысяч рублёў.

Суд над Васілём Такарэнкам не адбыўся па прычыне яго адмовы размаўляць у судзе "на незразумелай яму рускай мове".

3 ліпеня ў горадзе затрымалі больш за 10 чалавек. Адміністрацыйныя справы ў дачыненні да іх будзе разглядаць і суд Чыгуначнага раёна.

14:05 У Жлобінскім раённым судзе за раздачу 3 ліпеня улётак пра "маўклівыя" акцыі салідарнасці пакараныя сёння адміністрацыйнымі арыштамі на 15 сутак актывісты Партыі "Справядлівы свет" Валерый Рыбчанка і Алег Канстанцінаў.

14:00 У суд Фрунзенскага раёна Мінска прывезлі 21 затрыманага. Імёны ўдакладняюцца. У суд Заводскага раёна прывезлі 14 чалавек, паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна».

13:15 Суд Савецкага раёну Мінску арыштаваў на 10 сутак Андрэя Ткачова.

У судзе Маскоўскага раёна Мінска за дробнае хуліганства будуць судзіць Шаламіцкага, Каспяровіча, Трушнікава, Лівенкова, Жымайдзіка, Віталя Абрамава, Аляксея Дварановіча. Чакаецца, што суды пачнуцца ў 14 гадзін. У судзе Кастрычніцкага раёна будуць судзіць Анатоля Сакалоўскага.

"Беларускі Партызан"