Каля 200 удзельнікаў акцыі пратэсту затрыманыя толькі ў Мінску

Толькі ў Мінску падчас акцыі маўклівага пратэсту 3 ліпеня затрыманыя каля 200 чалавек. Звестак пра колькасць затрыманых па краіне пакуль няма.

"У Мінску было дзве хвалі затрыманняў: першая — падчас парада, калі было затрымана каля 70 чалавек; другая — вечарам каля чыгуначнага вакзала, дзе затрымалі яшчэ прыкладна 100 чалавек", — паведаміў БелаПАН праваабаронца Валянцін Стэфановіч. Паводле яго інфармацыі, у Фрунзенскім РУУС Мінска ўжо аформілі каля 50 адміністрацыйных пратаколаў, затрыманых павезлі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. Усё яны абвінавачваюцца ў дробным хуліганстве (арт. 17.1 КоАП). Суды над затрыманымі, у тым ліку над журналістам "Еўрарадыё" Паўлам Свярдловым, павінны прайсці 4 ліпеня. Калі падчас парада з удзелам вышэйшага кіраўніцтва краіны затрыманні праводзіліся ціха і непрыкметна, то людзей, якія сабраліся ў раёне Прывакзальнай плошчы, разганялі і затрымлівалі з прымяненнем грубай сілы. Людзі ў цывільным накідваліся ў асноўным на моладзь, іх цягнулі па асфальце, заломваючы рукі, некаторых білі. Гэта выклікала негатыўную рэакцыю прахожых, у тым ліку састарэлых людзей. Упершыню супраць удзельнікаў акцыі маўклівага пратэсту прымянілі газ.

Гэта ўжо пятая акцыя маўклівай салідарнасці ў межах кампаніі, ініцыяванай групай "Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі" праекта "ВКонтакте". Яе сутнасць у тым, што людзі рэгулярна збіраюцца ў цэнтры сваіх гарадоў. Не скандуючы лозунгаў і заклікаў, яны проста размаўляюць і час ад часу апладзіруюць, выказваючы такім чынам сваю нязгоду з палітыкай кіраўніцтва краіны.

Акрамя Мінска акцыі пратэсту ў Дзень Незалежнасці прайшлі ў Брэсце, Гомелі, Гродне, Магілёве, Віцебску і некаторых іншых гарадах Беларусі. У абласных цэнтрах найбольш шматлікай стала акцыя ў Магілёве, якая сабрала да тысячы чалавек. У рэгіёнах таксама ёсць затрыманні, у тым ліку прэвентыўныя.


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение