Кошт навучання ў дзяржаўных ВНУ вырасце на 20%

Паводле прагнозаў Міністэрства адукацыі, у новым навучальным годзе кошт навучання ў дзяржаўных ВНУ вырасце ў сярэднім на 20% у адносінах да дзеючай цаны.

Афіцыйны сайт міністэрства прыводзіць словы міністра адукацыі Сяргея Маскевіча, які сцвярджае, што такое павелічэнне кошту абгрунтоўваюць самі ВНУ.

Новыя цэны на адукацыйныя паслугі павінны быць сфарміраваны да канца ліпеня.

Маскевіч паведаміў, што ў чэрвені Мінадукацыі правяло аналіз кошту платнага навучання ў дзяржаўных ВНУ. «Узровень кошту ў канкрэтным ВНУ залежыць ад структуры выдаткаў на платнае навучанне: ад атрыманай спецыяльнасці; кваліфікацыі, стажу работы прафесарска-выкладчыцкага складу і іншых педработнікаў; стану матэрыяльна-тэхнічнай базы і іншых выдаткаў», — сказаў ён.

Зараз установы адукацыі фармуюць кошт платнага навучання па дзеючых для бюджэтных арганізацый нормах і нарматывах, адзначаюць у міністэрстве. Расходы па зарплаце ўключаюцца ў цану па бюджэтных нормах з улікам індэксацыі ў адпаведнасці з заканадаўствам, па накладных і іншым расходах — з улікам павелічэння цэн і тарыфаў на работы (паслугі), у тым ліку камунальныя, паслугі транспарту, сувязі і іншыя.

Што тычыцца прыватных ўстановаў адукацыі, то яны фармуюць цану на навучанне самастойна, адзначаюць у ведамстве.

"Белапан"