У Мінску затрымана больш за сто ўдзельнікаў акцыі маўклівага пратэсту

Больш за сто ўдзельнікаў акцыі маўклівага пратэсту "Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі" затрымана ў Мінску 29 чэрвеня. Паводле даных праваабаронцаў, ва УУС Ленінскага раёна горада дастаўлена 56 чалавек, Савецкага — 30, прыкладна 20 — ва УУС Маскоўскага раёна, каля 10 затрыманых знаходзяцца ва УУС Фрунзенскага раёна.
Па папярэдніх дадзеных па ўсёй краіне затрымана каля 240 чалавек.
Праваабаронцы падкрэсліваюць: гэта — папярэднія даныя. У МУС і ГУУС Мінгарвыканкама сітуацыю пакуль не каментуюць. Супрацоўнікі праваахоўных органаў пры затрыманні паводзілі сябе груба. У прыватнасці, як расказаў карэспандэнт БелаПАН Вадзім Шмыгаў, яго затрымалі ў той момант, калі ён здымаў на камеру ў тэлефоне, як міліцыя выштурхоўвала людзей з тэрыторыі каля Кастрычніцкай плошчы. На Шмыгава накінуліся двое ў цывільным, якія не назвалі сябе, у яго адабралі і выкінулі на асфальт тэлефон і павалаклі да міліцэйскага аўтобуса. На заявы пра тое, што ён з'яўляецца супрацоўнікам СМІ, не рэагавалі. Пры затрыманні ў Шмыгава парвалі майку. Прыкладна гадзіну карэспандэнт правёў у аўтобусе, дзе разам з ім знаходзіліся яшчэ некалькі чалавек, пасля чаго быў адпушчаны па ўказанні аднаго з супрацоўнікаў міліцыі. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, акцыі маўклівага пратэсту прайшлі ў сераду ў абласных цэнтрах, а таксама ў Ваўкавыску, Смаргоні, Баранавічах, Маладзечне, Дзяржынску, Маларыце, Жодзіне, Жлобіне, Наваполацку, Салігорску, Мёрах, Чавусах. Гэтая акцыя стала ўжо чацвёртай па ліку. Па ініцыятыве актывістаў інтэрнэт-супольнасці мірныя акцыі пратэсту праходзяць кожную сераду пачынаючы з 8 чэрвеня на галоўных плошчах беларускіх гарадоў. Людзі не скандзіруюць лозунгаў і заклікаў, а проста збіраюцца разам і час ад часу апладзіруюць, выказваючы такім чынам сваю нязгоду з палітыкай кіраўніцтва краіны. 28 чэрвеня актывісты інтэрнэт-супольнасці "Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі" заклікалі ўлады спыніць правакацыі і не перашкаджаць выказванню мірнага пратэсту грамадзян. Аднак учора за некалькі гадзін да пачатку акцыі ў цэнтр Мінска зноў былі сцягнуты сілы міліцыі. На Кастрычніцкай плошчы, абгароджанай турнікетамі, праходзіла дыскатэка БРСМ. Як і ў мінулы раз, большая частка затрыманняў праводзілася ў раёне вуліцы Няміга і праспекта Пераможцаў. Падчас папярэдняй акцыі, 22 чэрвеня, у розных гарадах Беларусі было затрымана больш за 460 чалавек. Большасць з іх адпусцілі пасля высвятлення асобы, астатніх аштрафавалі нібыта за дробнае хуліганства.

Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение