"Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі" заклікае не паддавацца на правакацыі "дружыннікаў"

Дружыннікі з моладзевых атрадаў аховы правапарадку, магчыма, будуць рабіць у цэнтры горада правакацыі. Іх задачай будзе правакаваць людзей на канфлікты і бойкі. Так улада хоча паказаць, што на акцыю прыйдуць неадэкватныя людзі з далёка не мірнымі мэтамі.

Пра гэта гаворыцца ў спецыяльным звароце суполкі «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі», распаўсюджаным 29 чэрвеня.

Суполка звяртаецца да моладзі і дружыннікаў "не паддавацца на правакацыі, не ствараць сярод людзей, якія гуляюць у цэнтры горада канфліктаў, а наадварот прадухіляць усе магчымыя канфлікты паміж грамадзянамі і супрацоўнікамі праваахоўных органаў".

"Мы заклікаем людзей увесь час быць напагатове і ігнараваць любыя агрэсіўныя выпады з боку правакатараў!

Памятаеце - наша сіла перад абліччам небяспекі - у аб'яднанні паміж сабой. Сіла людзей -- у іх арганізаванасці, згуртаванасці і салідарнасці",-- гаворыцца ў звароце.

Паводле суполкі «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі», улады робяць захады дзеля таго, каб людзі не прыйшлі а 19 гадзіне на галоўную плошчу горада, каб выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю і пратэст.

У групу суполкі «Вконтакте» паступае ўсё больш паведамленняў аб тым, што кіраўнікам шэрагу дзяржаўных прадпрыемстваў «зверху» загадалі ўсімі магчымымі шляхамі перасцерагчы сваіх работнікаў ад удзелу ў якіх-небудзь няўзгодненых з імі мерапрыемствах. Так настаўнікаў, ідэолагаў, актывістаў БРСМ прымушаюць раздаваць бясплатныя квіткі на дыскатэкі, канцэрты, праводзіць свае мерапрыемствы.

Алесь Дашчынскі, "Радыё Свабода"