У судзе над журналістам Андрэем Пачобутам перапынак да 5 ліпеня

28 чэрвеня ў судзе Ленінскага раёну Горадні працягваецца закрыты працэс над журналістам "Газэты выборчай" Андрэем Пачобутам. Судзьдзя — Віталь Лецка. Пракурор просіць пакараць журналіста 3 гадамі турмы.

11.15 На ганак суду выйшлі абодва адвакаты. Яны сказалі, што судовыя спрэчкі скончыліся. У судзе абвешчаны перапынак да 10 гадзін раніцы 5 ліпеня. Чакаецца, што Пачобут выступіць з апошнім словам.11.05 Некалькі дзесяткаў чалавек знаходзяцца ля будынку суду. Людзі не разыходзяцца, чакаюць, калі будзе перапынак і выйдуць адвакаты, і будуць нейкая навіны. Ля будынку знаходзяцца таксама журналісты.11.00 Прыйшоў былы палітвязень Аляксандар Васільеў, а таксама заснавальнік Cаюзу палякаў Тадэвуш Гавін.  Гавін сказаў, што чытаў артыкулы Пачобута, за якія яго судзяць. Ён лічыць, што тут няма падстаў для крымінальнай справы. Спадара Гавіна асабліва зьдзівіла, што працэс зарыты, бо калі судзілі ў Менску ўдзельнікаў падзей 19 сьнежня, то працэсы былі адкрытыя. Спадар Гавін адзначае, што маглі б дапусьціць на суд найперш бацькоў, жонку і дзяцей журналіста.10.45 Сябры Саюза палякаў моляцца, сьпяваюць песьні каля будынку суду, трымаюць газэты з партрэтам Пачобута.9.55 Да будынку суду прыйшоў бацька Андрэя Пачобута спадар Станіслаў.9.50 Адвакат Кісялевіч патлумачыў, што паколькі пракурор выступіў мінулым разам, то, фактычна, судовыя спрэчкі пачаліся. Але сёньня павінны выступіць абодва адвакаты. Адвакаты распавялі  на што яны хочуць зьвярнуць увагу суду. Адвакат Кісялевіч сказаў, што ён будзе даказваць, што Пачобут невінаваты і будзе прасіць суд яго апраўдаць. Таксама адвакат зьверне ўвагу на некаторыя працэсуальныя парушэньні. Напрыклад, ён лічыць, што былі парушэньні пры правядзеньні экспэртызы тэкстаў, бо экспэрты працуюць у органах улады і зьяўляюцца зацікаўленымі асобамі.9.45 Да будынку суду прыйшлі жонка Андрэя Пачобута Аксана, выканаўца абавязкаў старшыні Саюза палякаў Анжаліка Арэхва, мясцовыя актывісты і журналісты. Прыехалі адвакаты Пачобута  Ўладзімер Кісялевіч і Аляксандар Бірылаў.Андрэй Пачобут — карэспандэнт польскай "Газэты выборчай". У аснове крымінальнай справы — публікацыі журналіста: восем з "Газэты выборчай" і дзьве з інтэрнэту — зь "Беларускага партызану" і з "Жывога журналу". Журналісту прад’яўлена абвінавачаньне па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу РБ — 368 (частка 1) — "абраза" і 367 (частка 1) — "паклёп" у адносінах да прэзыдэнта. Па першым зь іх прадугледжана пакараньне да двух гадоў зьняволеньня, па другім — ад двух да чатырох гадоў.

Радыё Свабода