Пракурор просіць асудзіць Андрэя Пачобута на тры гады калоніі

24 чэрвеня аднавіўся працэс журналіста Андрэя Пачобута, якога вінавацяць у абразе гонару і годнасці Лукашэнкі, а таксама паклёпе на яго.Працэс фактычна скончаны — засталіся толькі спрэчкі бакоў. Адвакаты Пачобута паведамілі, што суд не задаволіў хадайніцта, аб выкліку на працэс 10 сведкаў з боку абароны. Падчас свайго выступу пракурор запатрабаваў пакараць журналіста трыма гадамі зняволення.Суддзя Віталь Ляцко прыняў рашэнне зрабіць перапынак да 10 гадзін 28 чэрвеня. Паводле «Радыё Свабода», спрэчкі сёння так і не адбыліся — выступаў толькі пракурор.Сёння перад пачаткам паседжання ля будынку суда быў затрыманы прэс-сакратар СПБ Ігар Банцар, яго адвезлі ў Ленінскі РАУС Гродна. Банцара ўжо затрымлівалі 14 чэрвеня, у першы дзень працэса. Тады яму давялося правесці зак ратамі 5 дзён. Актывіст СПБ увесь гэты час трымаў галадоўку. Працэс цягнецца ўжо дзесяць дзён — ён пачаўся яшчэ 14 чэрвеня. А за кратамі журналіст знаходзіцца больш за два месяцы. 17 чэрвеня Андрэю Пачобуту было наноў выстаўлена абвінавачанне. Артыкулы наконт абразы (368–1) і паклёпу (367–1) адносна прэзідэнта ў ім засталіся, толькі больш як у два разы павялічыўся тэкст. Па першым зь іх прадугледжана пакаранне да двух гадоў зняволення, па другім — ад двух да чатырох гадоў. Падставы пракуратура знайшла ў артыкулах Пачобута ў «Газэце выборчай», у ягонай калонцы на сайце «Беларускі партызан», а таксама ў адным з допісаў у «Жывым журнале».*** Крымінальная справа ў дачыненні да Андрэя Пачобута была заведзена 18 сакавіка за артыкулы ў польскай «Gazeta Wyborcza», на сайце «Белорусскій партізан» і ў ягоным блогу. 6 красавіка журналіст быў арыштаваны.А.Пачобут свядома кінуў выклік КДБ. 8 студзеня журналісту выпісалі афіцыйнае папярэджанне пра недапушчальнасць супрацьпраўных дзеянняў (удзел у несанкцыянаванай акцыі 19 снежня) за подпісам начальніка Упраўлення КДБ па Гродзенскай вобласці Івана Каржа.Пачобут сцвярджае, што пры гэтым супрацоўнікі гродзенскага КДБ пагражалі яму і некалькі разоў ўдарылі яго па галаве. Ён падаў скаргу на дзеянні кадэбістаў у вайсковую пракуратуру. Вынікам настойлівасці журналіста стала серыя праверак і медычных экспертыз.Хоць пракуратура не пабачыла парушэнняў у дзеяннях КДБ, але камітэтчыкам прыйшлося адказваць на непрыемныя пытанні, а таксама «засвяціць» свае імёны ў прэсе.Адначасова з журналістыкай, Андрэй Пачобут займаецца і грамадскай дзейнасцю: ён адзін з лідараў Саюза палякаў. Па адукацыі ж Пачобут — юрыст, а таксама займаецца вывучэннем польскага антысавецкага руху ў Заходняй Беларусі.«Аляксандр Рыгоравіч, дарагі ты мой пацярпелы, за свае словы і ўчынкі я гатовы адказваць, што завецца, па ўсёй строгасці. Як гаворыцца, „мы за цаной не пастаім“. Спадзяюся, што прыйдзе час і па ўсёй строгасці прыйдзецца адказаць за тое, што адбываецца ў Беларусі апошнія 16 гадоў, і былому прэзідэнту Рэспублікі Беларусь Лукашэнка А. Р.»,  — публіцыстычна пісаў А.Пачобут.

Наша Ніва