Працягваюцца суды над удзельнікамі хваляванняў у Брузгах

У гродзенскіх судах працягваецца разгляд новых справаў над удзельнікамі пратэсту кіроўцаў і прадпрымальнікаў на КПП “Брузгі” на беларуска-польскай мяжы, што адбыўся ўвечары 12 чэрвеня.

У той вечар адразу былі затрыманыя чатырнацць чалавек, па іх з Гродна прыслалі аўтазак. Паводле кіраўніка абласной арганізацыі АГП Юрыя Істоміна, новых удзельнікаў вызначаюць на падставе відэаздымкаў, зробленых у Брузгах у той час.- Ідзе парушэнне заканадаўства, - кажа Істомін, - таму што падзеі фактычна адбываліся на тэрыторыі Гродзенскага раёна Гродзенскай вобласці, але чамусці іх судзяць у розных судах Гродна. Напрыклад, калі быў суд над Андрэем Пачобутам, то мы былі сведкамі, што 3 або 4 асобы выходзілі з прысудамі суда Ленінскага раёну Гродна. Маем факты, што ёсць прысуды ў Кастрычніцкім судзе, і нават суддзі Гродзенскага раёна выязджалі ў пастарунак, дзе ўтрымлівалі затрыманых, і там адбываліся суды.На цяперашні час пакараныя штрафамі былі таксама два сябры Аб’яднанай грамадзянскай партыі.Анна Шайкоўская, Радыё Рацыя.