У Брэсце забаранілі пікетаваць супраць збяднення

У Брэсце забароненыя ўсе пікеты супраць збяднення насельніцтва, у іх ліку шэсць заяўленых мясцовымі сацыял-дэмакратамі, паведаміла старшыня Брэсцкай гарадской арганізацыі БСДП (Грамада) Ганна Канюс.Паводле яе слоў, пікетаванне планавалася правесці 11 і 13–17 чэрвеня (на стадыёне «Лакаматыў», каля цэнтральнага рынку на вуліцы Пушкінская, каля ЦУМа на праспекце Машэрава, каля рынку «Лагуна» ў мікрараёне Кавалёва, каля кінатэатра «Беларусь» на пешаходнай вуліцы Савецкая).«У правядзенні пікета 11 чэрвеня на стадыёне „Лакаматыў“, адзіным вызначаным для гэтага месцы ў горадзе, уладамі адмоўлена на той падставе, што будзе праходзіць матч чэмпіянату Беларусі па футболе сярод жаночых каманд. Усе астатнія пікеты забаронены, таму што планаваліся не ў месцы, вызначаным для такіх мерапрыемстваў, гэта значыць не на стадыёне „Лакаматыў“. Атрымліваецца, што пікеты нельга правесці нідзе», — зазначыла Канюс.Паводле інфармацыі брэсцкага актывіста дэмсіл, члена нацыянальнага камітэта Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзіміра Вуека, 14 чэрвеня з Брэсцкага гарвыканкама прыйшоў адказ на заяўку, якую накіроўвалі абласныя арганізацыі АГП, БСДП (Грамада), гарадская структура Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» і рэгіянальнае аддзяленне прафсаюза РЭП. Гэту акцыю планавалася правесці 18 чэрвеня на стадыёне «Лакаматыў».«У правядзенні пікета таксама адмоўлена, таму што, згодна з календаром спаборніцтваў, у гэты час на стадыёне будуць праходзіць гульні першынства вобласці па футболе сярод жаночых каманд, — зазначыў Вуек. — Мы не раз хадзілі на гэты спартыўны аб’ект у дні, калі планавалася праводзіць акцыі, і кожны раз упэўніваліся, што было дастаткова месца, каб, не перашкаджаючы спартсменам, правесці і наш пікет. Мы мяркуем, што ўлады проста баяцца акцый пратэсту і пад рознымі падставамі забараняюць іх».Мэтай гэтага пікета было выказаць пратэст супраць рэзкага зніжэння ўзроўню жыцця, павышэння цэн на тавары і паслугі, росту беспрацоўя ў краіне, а таксама праінфармаваць грамадзян аб распрацаванай АГП для Беларусі праграме па пераадоленні эканамічнага крызісу.

"Наша Ніва"