Абкарнаная навука

Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі – беларускі вучоны-геоляг, грамадзкі дзеяч, акадэмік, сябра Вялікай Рады, прэзідэнт МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” у 1993-2001 гг. З Радзімам Гаўрылавічам размаўляем пра нязьдзейсьненыя пляны навукоўцаў, новыя павевы ў навуцы й яго справу жыцьця, што стала залежнай ад палітычных новаўвядзеньняў .

Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі – беларускі вучоны-геоляг, грамадзкі дзеяч, акадэмік. У 1977 годзе Радзім Гаўрылавіч быў абраны правадзейным членам Акадэміі навук БССР па спэцыяльнасьці «геалёгія» ды прызначаны дырэктарам Інстытута геахіміі й геафізыкі АН БССР. Кіраваў інстытутам, які фактычна й стварыў, Гарэцкі на працягу 16 гадоў, аж да свайго абраньня віцэ-прэзыдэнтам Акадэміі навук Беларусі. Цяпер гэтага інстытута няма.

З Радзімам Гаўрылавічам размаўляем пра нязьдзейсьненыя пляны навукоўцаў, новыя павевы ў навуцы й яго справу жыцьця, што стала залежнай ад палітычных новаўвядзеньняў .

Радзім Гарэцкі: Пры Машэраву, амаль ужо было ўзгоднена, мы хацелі там, дзе Ўручча, перанесьці ўнівэрсытэты, зрабіць унівэрсытэцкі пасёлак. Зрабіць як у Новасыбірску акадэмгарадок разам з унівэрсытэтам. Гэта зручна й разумна. Але, калі ўсё рухнула, гэта паляцела па-іншаму. Не змаглі пабудаваць геалягічны музэй. Быў у нас адзін час Кавалёў  старшынём Савета міністраў. Прыехаў і кажа: “Што вы тут валуноў навалілі, тут тры ці чатыры дамы можна пабудаваць!”. І перад гэтым мы змагаліся, тут жа балота было, звалка. Казаў, каб у тыдзень усе камяні вывезьлі. Прыехаў яго намесьнік, з ЦК начальнікі, Белы – быў віцэ-прэзыдэнтам Акадэміі. Я ім тлумачыў-тлумачыў, якое гэта багацьце. Пагражалі звольніць мяне з пасады дырэктара інстытута. Потым мы перамаглі, гэта засталося, але, на жаль, не змаглі давесьці да такога ладу, як хацелі. Вось такая штука.

Радзім Гаўрылавіч гаворыць, што ў навуковым асяродку пэрыядычна ўздымаюцца размовы пра хібнасьць ідэі рэарганізаваць інстытут геахіміі й геафізыкі. Нават былы старшыня Прэзыдыюма НАН Беларусі Міхаіл Мясьніковіч на агульным сходзе Акадэміі прызнаў, што разгон Інстытута геахіміі й геафізыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі быў памылкай.

Радзім Гарэцкі: Пра нашага галоўнага чыноўніка нашай краіны. Ён некалі вельмі трапна пра сябе сказаў. Гэта цытата, дык прабачце. Тады акурат масла прапала. Ён і сказаў: “Толькі ўзяўся за яйцы, масла прапала”. Вось ён і ўзяўся за навуку. Спачатку як да нас прыходзіў, дык баяўся, пот выціраў – гэтыя акадэмікі... А потым асьмялеў, бачыць, што акадэмікі, як і ўсе людзі, баязьлівыя, баяцца. Усякую рэарганізацыю пачаў. І антыканстытуцыйную, і... У нас жа свой статут ёсьць, гэта закон для нас. Ён гэты закон... ну, як і ўсё іншае. Усё жыцьцё, гадамі прэзыдэнт Акадэміі навук абіраўся. Ён пачаў прызначаць. Прэзыдэнт ужо ёсьць, значыць будзе старшыня. Мы так і гаворым – прэдседацель калхозу Акадэміі навук. І акадэмія як калгас стала – ніякіх фундамэнтальных навук, яны, канечне, троху ёсьць, але усё прыкладное.

Але разваліць прасьцей, чым аднавіць. Многія спэцыялісты пазвальняліся, маладых кадраў няма, большасьць — людзі сталага веку.

Радзім Гарэцкі: Калі я быў дырэктарам, у нас працавала каля чатырохсот чалавек. Былі і фундамэнтальныя дасьледаваньні, і кніжак многа выдавалі, сталі больш-менш вядомымі. А потым давай, выкідвай гэтае глупства. У нас былі працы з навукоўцамі і Украіны, і Расеі, і Эўропы. Але гэта цяпер нецікава. Вось бы дзе прасьвідраваць, каб нафта была. Маўляў, мы бедныя. Але гэта глупства. Траціну імпарту складаюць калійныя солі. Нафты хоць і не хапае, але два мільёны тон мы даём, праўда, трэба дзесяць. Але ўсё мала, давай прадаваць золата, шукаць, як атрымаць грошы. Вось на гэта нас і скіроўваюць.

Акадэмік Радзім Гарэцкі, сын Гаўрылы Іванавіча Гарэцкага, аднаго з заснавальнікаў і першых правадзейных членаў Беларускай акадэміі навук, з засмучэньнем гаворыць, што нішчацца фундамэнтальныя дасьледаваньні, на якіх і грунтуецца навука.

Радзім Гарэцкі: Але навука шырокая – і стратыграфія, і пэтраграфія, і вульканалёгія, тэктоніка, геахімія, геафізыка. Быў наш інстытут, гэта ўсё было. Скарацілі ўсё, людзей. Ніхто не ідзе цяпер, бо заробкі маленькія, маладых людзей у нас няма.

Радзім Гаўрылавіч зазначае, што геалёгія – гэта ня толькі навука аб карысных выкапнях. “Гэта – гісторыя зямлі. Нашай зямельцы тры з паловай мільярды гадоў. Хто ж гэта вывучаць будзе? Калі нашай справай ніхто займацца ня будзе, то атрымаецца белая пляма на карце Зямлі, бо каб усё зразумець, трэба мець цэласную карціну”. Акадэмік згадвае, што ў савецкія часы Міністэрства геалёгіі па затратах было другое ці трэцяе пасьля ваеннага. Так, гэта затратная галіна, але яна акупае сябе на гады наперад.

Марыя Кароль, "Польскае радыё для замежжа"