Дакументалістыка, якую не пакажуць па БТ

У Мінску на мінулым тыдні прайшоў двухдзённы фестываль дакументальнага кіно. Пра дакументалістыку распавядае адзін з арганізатараў фэсту, старшыня асацыяцыі «BelFilm» Алег Дашкевіч.
Алег Дашкевіч. Фота svaboda.org.

— Ідэя фестывалю выспявала даўно. Чаму менавіта цяпер? Бо зусім нядаўна ўдалося дамовіцца з кіраўніком расійскага партала дакументальнага кіно Frontlineclub.ru Юрыем Бурцавым. Ён падтрымаў ідэю міні-фэсту і дапамог з якаснымі дакументальнымі фільмамі, на якія яны маюць правы. Чаму менавіта дакументальнае? Па-першае, я сам займаюся дакументалістыкай. Па-другое, у свеце дакументальнае кіно перажывае хвалю папулярнасці. Людзям надакучылі «мыльныя оперы», якія запаланілі тэлебачанне. Якаснае дакументальнае кіно, як мне здаецца, дае магчымасць без каментароў з боку паглядзець на сітуацыю і зрабіць пэўныя высновы. Яно прымушае людзей думаць саміх.

«НН»: Ты апелюеш да словазлучэння «якаснае кіно». А дзе мяжа праходзіць паміж якасным і неякасным прадуктам?

АД: Цяпер няма такога савецкага аддзела АПК (аддзел працоўнага кантролю), што мог бы падзяляць фільмы па чыімсьці гусце. Ёсць аўтары, якія заслужылі сваёй працай марку якаснага кіно. Стужкі, паказаныя ў межах нашага міні-фэсту, — намінанты і ўладальнікі прэмій «Оскар» і «Эмі». Гэта гаворыць само за сябе. Вядомыя еўрапейскія, расійскія і амерыканскія студыі, якія працуюць з іх аўтарамі, не будуць укладаць грошы ў нешта незразумелае. Ім патрэбны таксама якасны прадукт — яны адказваюць за свой бізнэс, за свой імідж. Але гэткае кіно фактычна мінае нашых гледачоў.

«НН»: Чаму яно да нас не даходзіць?

АД: З розных прычын. Няма ў дзяржавы сацыяльнай замовы на такія стужкі. Мы нават амаль не бачым карціны, якія здымаюцца на «Беларусьфільме» на студыі «Летапіс». Яны здымаюцца, але невядома для чаго. Разам з тым, яны і іх стваральнікі, напрыклад Віктар Аслюк, Міхаіл Жданоўскі, Галя Адамовіч займаюць прызавыя месцы на міжнародных фестывалях. Але тэлебачанне арыентавана на больш лёгкія жанры.

«НН»: За мэту арганізатары фестывалю паставілі папулярызацыю дакументальнага кіно.

АД: Так, асабліва ў правінцыі. Там, у рэгіёнах, людзі не менш разумныя, чым у Мінску, і не менш стомленыя розным «тэлевізійным папкорнам». Там таксама прагнуць паглядзець нешта сур’ёзнае і абмеркаваць убачанае. Мы маем у рэгіёнах партнёраў, але спадзяёмся, што апрача іх знойдуцца яшчэ і новыя энтузіясты, каб арганізаваць такія паказы. Мы гатовы да супрацы.

«НН»: Чаму ты ўпэўнены, што людзям з невялікіх гарадоў будзе цікава глядзець замежную дакументалістыку пра чужыя праблемы?

АД: Няма чужых праблем. Дакументальнае кіно — пра чалавека, які трапляе ў нейкую сітуацыю. І хоча не хоча, але глядач праектуе сітуацыю на сябе. І робіць высновы, і пачынае думаць. А думаць чалавеку вельмі важна.

Важна, каб беларуская публіка сустракалася з творцамі. Проста паказаць кіно – адно, а адказваць на пытанні — іншае. І абы-хто, як правіла, на такія прагляды не прыходзіць. Гэта людзі падрыхтаваныя. Таму атрымліваюцца дыскусіі, часам жорсткія, але карысць ад іх агульная як для рэжысёра, так і для гледача і грамадства.

«НН»: Першы фестываль прайшоў. Што далей?

АД: Мы хацелі правесці гэты міні-фэст разам з Саюзам кінематаграфістаў. Але з розных прычын не атрымалася. І цяжар арганізацыі цалкам давялося браць на сябе. Можа б фэст атрымаўся большы па фармаце, каб яго падтрымалі дзяржаўныя арганізацыі, але ў якасці першага кроку я задаволены. Магчыма, пры падтрымцы Саюза кінематаграфістаў (яго старшыня Віктар Васільеў не выключае такой магчымасці) паспрабуем правесці другі фэст у большым фармаце. Калі не, то будзем шукаць іншыя шляхі дакументальнага кіно да гледача. Хай мы будзем праігрываць у маштабе, розгаласе, мяне гэта не палохае. Дакументальнае кіно — гэта не блакбастэр, гэта кіно для тых, хто здольны разважаць.

Што паказалі на фестывалі

«Косава: Даліна» (Дэн Рыд, 1999).

«Справа Рамана Бара» (Юрый Бурцаў, 2005).

«Прага, 21 жніўня 1968 г.» (Рэё Нікіля, 1998).

Рэтраспектыва фільмаў Джона Алперта: «Нестыхійнае бедства ў Кітаі: Слёзы правінцыі Сычуань» (2009), «Як сібірскія дзяўчынкі амерыканкамі сталі» (2005), «Багдад: хуткая дапамога» (2006).

Сяргей Макарэвіч, "Наша Ніва"


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение