“Наша Ніва” не здолела праз суд аспрэчыць папярэджанне

Суддзя Вышэйшага гаспадарчага суду Рэспублікі Беларусь Алена Маёрава пакінула ў сіле папярэджанне, вынесенае Міністэрствам інфармацыі газеце “Наша Ніва”. Папярэджанне было вынесена 14 красавіка бягучага году за адну з публікацый, прысвечаных наступствам выбуху ў мінскім метро.

Артыкул распавядаў аб пацярпелай дзяўчыне, якая знаходзілася пад заваламі, калі А. Лукашэнка ўскладаў кветкі на станцыі “Кастрычніцкая”. Пазней гэтая інфармацыя не пацвердзілася. Па словах рэдактара выдання Андрэя Скурко, адразу было надрукавана абвяржэнне. Аднак Міністэрства інфармацыі не задаволілася гэтым і вынесла газеце папярэджанне.

- Мы збіраемся аспрэчваць гэта ва ўстаноўленым законам парадку. Нам закон дае на гэта месяц, мы адназначна будзем падаваць скаргу ў касацыйную калегію Вышэйшага гаспадарчага суда. Таму што не лічым гэтае рашэнне законным і правільным. Парушэнне наша было мінімальнае, нават калі яно і было. Нашая публікацыя тая была нейтральная, у ёй не давалася ніякіх ацэнак, гэта быў чыста інфармацыйны матэрыял паводле той інфармацыі, якую мы мелі на той момант – першыя суткі пасля тэракту. Трэцяе папярэджанне цягне за сабой аднаўленне справы аб ліквідацыі газеты. Мы за газету будзем змагацца далей.

Па словах Андрэя Скурко, у 2008 годзе газеты “Наша Ніва” і “Народная Воля” былі вернутыя ў сеткі дзяржаўнага распаўсюджання. І гэта быў знак пачатку лібералізацыі. Зараз адначасова спрабуюць прыпыніць іх выхад. Газеты вельмі розныя, і яднае іх тое, што яны і раней былі ў адным пакеце. Па словах рэдактара “Нашай Ніве”, ён бачыць у гэтым палітычную матывацыю і сігналы, якія даюцца беларускімі ўладамі краінам Захаду і Расіі.

Але Андрэй Скурко спадзяецца, што здаровы сэнс беларускіх дзяржаўных органаў пераможа і чытачы будуць мець магчымасць атрымліваць і надалей незалежную інфармацыю.

Генадзь Барбарыч, "Радыё Рацыя"