"Беларускі слоўнік" на вуліцах Гомеля

На вуліцах Гомеля могуць з'явіцца стэнды, якія навучаць размаўляць па-беларуску. Такі спосаб папулярызацыі роднай мовы прапанавалі студэнты Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П.В.Сухога Ганна Кеня і Аляксандр Аплачыкаў.

Студэнты Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя Сухога Ганна Кеня і Аляксандр Аплачыкаў знайшлі спосаб папулярызацыі роднай мовы.

Яны прапануюць усталяваць у горадзе інфармацыйныя стэнды з выявамі розных прадметаў і іх назвамі па-беларуску, а таксама са слоганам «Беларуская мова ўнікальная».

— Можна выкарыстоўваць і лайтбоксы з заклікам рабіць кампліменты па-беларуску, напрыклад, казаць дзяўчатам, што яны прыгожыя, цудоўныя, — расказвае 24-гадовы Аляксандр Аплачыкаў. — Варта таксама падкрэсліваць унікальнасць нашай роднай мовы на білбордах, знаёмячы гасцей горада з яе асаблівасцямі, у прыватнасці, літарай «ў», якой няма больш ні ў адной славянскай мове.

Дарэчы, натхніла на гэтую справу студэнтаў тое, што Гомель сёлета стаў культурнай сталіцай краіны. Як будучы інжынер-праграміст, Аляксандр у асноўным займаўся візуалізацыяй ідэі, а Ганна Кеня (будучы маркетолаг) прапанавала шэраг магчымых варыянтаў яе ажыццяўлення. Гамяльчане спадзяюцца, што іх задумка знойдзе падтрымку ў гарадской улады, і неўзабаве на цэнтральных вуліцах і ў месцах масавага гуляння моладзі з’явяцца стэнды, якія падштурхнуць жыхароў калі не размаўляць па-беларуску, дык хаця б ужываць родныя словы.

Ірына Прымак, “Народная Газета”