Лукашэнка заявіў пра магчымасць вызвалення палітвязняў

Аляксандр Лукашэнка не выключыў магчымасці вызвалення арганізатараў масавых беспарадкаў 19 снежня 2010 года ў Мінску. Пра гэта ён заявіў, выступаючы 25 мая ў Еўразійскім нацыянальным універсітэце імя Гумілёва ў Астане ў межах афіцыйнага візіту ў Казахстан.
"Ужо ўсіх вызвалілі, акрамя двух, якія ў авангардзе ішлі. Вызвалім і тых, напэўна. Няма чаго дзяржаўныя грошы транжырыць у турме, праядаць хлеб", — цытуе Лукашэнку РІА Новости. Каментуючы паводле просьбы БелаПАН заяву Лукашэнкі, былы кандыдат у прэзідэнты Віталь Рымашэўскі, асуджаны на два гады пазбаўлення волі ўмоўна, сказаў: вызваленне палітзняволеных — пытанне "не толькі выжывання Лукашэнкі, але і выжывання Беларусі, захавання незалежнасці краіны". "Вызваленне палітзняволеных — гэта пазіцыя ўсіх дэмакратычных лідараў, якія ўплываюць на прынцыповую пазіцыю ў гэтым пытанні Еўропы і ЗША. Лукашэнка, напэўна, зразумеў, што добрыя адносіны з Захадам для яго — гэта ўжо пытанне не проста палітыкі, а пытанне выжывання", — лічыць палітык. Ён звярнуў увагу на пазіцыю Масквы: у той час як Еўропа ўводзіць новыя санкцыі, Расія вядзе прагматычную палітыку па скупцы беларускіх прадпрыемстваў. "Расія магла б дапамагчы пераадолець крызіс у Беларусі, аднак і пальцам не паварушыла для гэтага. І Лукашэнка зразумеў, што ад страты эканамічнай незалежнасці да страты незалежнасці палітычнай — адзін крок. Таму ён і робіць такія заявы: яму больш нічога не застаецца, акрамя як рабіць саступкі Захаду", — мяркуе Рымашэўскі. Паводле слоў яшчэ аднаго экс-кандыдата ў прэзідэнты, Уладзіміра Някляева, прыгаворанага да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прыгавору на два гады, пра магчымасць такога сцэнарыя, пра які заявіў Лукашэнка, яму паведаміў пры вызваленні са следчага ізалятара КДБ супрацоўнік СІЗА. "Паводле яго слоў, маё вызваленне з'яўляецца прыкметай таго, што "аднаму чалавеку прычыннае месца прышчамілі да немагчымасці", — сказаў Някляеў. "Эканамічная і палітычная сітуацыя ў краіне такая, што Лукашэнка, напэўна, упершыню трапіў у бязвыхаднае становішча", — лічыць палітык. Урэшце, дадаў ён, наколькі словы Лукашэнкі не разыдуцца са справай, будзе бачна заўтра, пры вынясенні прыгавору Мікалаю Статкевічу, Дзмітрыю Усу і актыўным удзельнікам акцыі 19 снежня. Юрыст Гары Паганяйла сцвярджае, што ўсе асуджаныя па справе аб масавых беспарадках могуць быць вызвалены ў межах прававога поля. "З юрыдычнага пункту гледжання гэта магчыма. Большасць з асуджаных падалі касацыйныя скаргі на свае прыгаворы, так што ў выніку разгляду касацыйных скаргаў прыгаворы ім можна адмяніць", — сказаў юрыст. Больш за тое, адзначыў ён, прыгаворы можна адмяніць і тым, хто ўжо прайшоў працэдуру касацыйнага абскарджання, і тым, у дачыненні да каго яны набылі законную моц. "Можна падаваць скаргі ў парадку нагляду, можна апратэстоўваць прысуд, дамагацца яго перагляду", — пералічыў Паганяйла. Аднак ён сумняваецца ў тым, што беларуская судовая сістэма здольна адмяніць прыгавор, вынесены судом першай інстанцыі. "Падчас разгляду касацыйных скаргаў звычайна прыгавор толькі змякчаецца. Могуць адмяніць пазбаўленне волі, замяніўшы яго ўмоўным пакараннем, абмежаваннем волі, штрафам, перакваліфікаваць больш цяжкі 293-і артыкул КК (масавыя беспарадкі) на менш цяжкі 342-і (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак)", — лічыць эксперт. На яго думку, калі гэта не спрацуе, могуць быць прыменены "неправавыя меры". "Напрыклад, як у справе былога кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна: ён не падаваў прашэнне аб памілаванні, але прэзідэнт памілаваў яго сваім капрызам, і Казулін адседзеў толькі два з паловай гады замест прысуджаных яму пяці з паловай", — нагадаў Паганяйла. У межах справы аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня асуджаны 32 чалавекі. У іх ліку — тры экс-кандыдаты ў прэзідэнты: Андрэй Саннікаў прыгавораны да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму; Уладзімір Някляеў — да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прыгавору на два гады; Віталь Рымашэўскі — да двух гадоў пазбаўлення волі ўмоўна. 20 мая планавалася абвяшчэнне прыгавору яшчэ сямі фігурантам крымінальнай справы, у тым ліку былым кандыдатам у прэзідэнты Мікалаю Статкевічу і Дзмітрыю Усу. Пракурор прасіў суд прыгаварыць Статкевіча да васьмі гадоў, Уса — да сямі гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Аднак пасяджэнне суда было перанесена ў сувязі з хваробай суддзі. Новая дата вынясення прыгавору — 26 мая. У сувязі з крымінальным пераследам удзельнікаў мітынгу 19 снежня Еўрасаюз і ЗША пашырылі візавыя санкцыі ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў. ЗША таксама аднавілі эканамічныя санкцыі супраць шэрагу беларускіх прадпрыемстваў.