Нацбанк афіцыйна дэвальвуе рубель да 4930 заўтра — крыніцы ў банках

З 24 мая афіцыйны курс даляра складзе 4930 рублёў. Такім самым (плюс-мінус 2%) ён будзе і ў абменніках. Гэтую інфармацыю агенцтву afn.by паведамілі крыніцы ў банкаўскіх колах. Курс еўра тады складзе каля 7000 рублёў.

Такім чынам, афіцыйная дэвальвацыя рубля за гэты год дасягне 60%.

Афіцыйнага пацверджання інфармацыі няма. Нацбанк дагэтуль не размясціў інфармацыю пра курсы валют на заўтра, нягледзячы на тое, што таргі былі праведзеныя яшчэ раніцай.

Прэс-сакратар Нацбанка Анатоль Драздоў гэтую інфармацыю не пацвердзіў, але і не аспрэчыў. "На бягучы момант я гэту інфармацыю не пацвярджаю і не аспрэчваю, да канца дня мы падрыхтуем прэс-рэліз, там усё будзе".

Прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч перад выходнымі заяўляў, што ўрад і Нацбанк Беларусі ў панядзелак-аўторак прымуць рашэнні для стабілізацыі сітуацыі на валютным рынку.

"Наша Ніва"