Пракурор просіць суд прыгаварыць Статкевіча да 8 гадоў пазбаўлення волі, Уса — да 7, Класкоўскага — да 8,5, астатніх абвінавачаных — да 4 гадоў

Дзяржабвінаваўца Кірыл Чубкавец просіць суд Ленінскага раёна Мінска прыгаварыць экс-кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча да васьмі гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, былога кандыдата ў прэзідэнты Дзмітрыя Уса — да сямі гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Аляксандра Класкоўскага (па сукупнасці злачынстваў) — да 8,5 года пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Аляксандра Квяткевіча, Дзмітрыя Буланава, Андрэя Пазняка і Арцёма Грыбкова — да чатырох гадоў.
Абвінавачанне таксама лічыць, што да Грыбкова трэба прымяніць прымусовае лячэнне ад алкагалізму. Чубкавец адзначыў, што крымінальная справа з'яўляецца неардынарнай, бо на лаве падсудных ёсць былыя кандыдаты ў прэзідэнты і ўчыненае імі выклікала вялікі грамадскі рэзананс. Паводле слоў пракурора, Статкевіч і Ус, дзейнічаючы па папярэдняй змове, арганізавалі масавыя беспарадкі, спалучаныя з пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці. Класкоўскі, паводле версіі абвінавачання, арганізаваў і ўдзельнічаў у масавых беспарадках. Ён таксама зневажаў работнікаў міліцыі ў сувязі з выкананнем імі службовых абавязкаў і самавольна прысвоіў званне службовай асобы, апрануўшы форму афіцэра міліцыі. Астатнія фігуранты абвінавачваюцца ва ўдзеле ў масавых беспарадках, спробе пранікнення ў Дом урада, біцці па шкле дзвярэй, загародах, шчытах міліцыянераў. Пракурор звярнуў увагу на тое, што абвінавачаныя сваёй віны не прызналі, але следства ўпэўнена — усе яны вінаватыя.
Вячаслаў Будкевіч, "БелаПАН"