Ірына Халіп застанецца з Данікам

Паўла Севярынца адпраўляюць на тры гады на хімію, Ірыне Халіп вынеслі прысуд з адтэрміноўкай, Сяргею Марцалеву дадзены выпрабавальны тэрмін на два гады. Севярынец і Халіп выходзяць на свабоду пад падпіску пра нявыезд.

Пракурор прасіў пакараць:

кіраўніка штаба Віталя Рымашэўскага Паўла Севярынца — трыма гадамі абмежавання волі з накіраваннем у месцы адбывання пакарання («хімія»),

журналістку, жонку Андрэя Саннікава Ірыну Халіп і кіраўніка выбарчага штаба Мікалая Статкевіча Сяргея Марцалева — двума гадамі пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на два гады.

Суддзя Заводскага раёна Жанна Брысіна пакінула Севярынцу і Халіп тэрміны, пра якія прасіў пракурор. А вось Сяргею Марцалеву дала мякчэйшы вырак. Ён атрымаў выпрабавальны тэрмін на 2 гады. Як вядома, ён прызнаў сваю віну і раскаяўся ў сваіх дзеяннях.

Пасля абвяшчэння прысуду Ірына Халіп заявіла, што найперш зробіць тры рэчы:

1. Напіша ліст свайму мужу Андрэю Саннікаву,

асуджанаму ў суботу на пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Знаходзячыся пад хатнім арыштам яна не мела такой магчымасці. Андрэй Саннікаў, сказала яна, прыслаў днямі вершы, каб павіншаваць сына Даніка з днём народзінаў (у нядзелю хлопчыку споўнілася чатыры гады).

2. Другая рэч, якую я зраблю, памяняю ўсе замкі ў кватэры.

3. Трэцяя рэч -- найму брыгаду па ачыстцы кватэры, каб духу КДБшнікаў у ёй не засталося,

сказала яна.

Павел Севярынец наконт катаванняў сказаў наступнае: "Да мяне было шмат сказана, але галоўнае было катаванне духоўнае, што мне не дазвалялі сустрэцца са святаром".

Ён сказаў, што зараз абнімецца са сваякамі і наведае пазасталыя суды.

Сяргей Марцалеў сказаў, што катаванняў дачыненні да яго не ўжываліся і зазначыў, што цяпер будзе змагацца за вызваленне асуджаных палітвязняў

***

Колькасць асуджаных за Плошчу дасягнула 30 чалавек.

14 мая ў судзе Партызанскага раёна Мінска быў абвешчаны прысуд экс-кандыдату ў прэзідэнты Андрэю Саннікаву і чатыром шараговым удзельнікам акцыі. Суддзя Наталля Чацвярткова засудзіла за ўдзел і кіраванне «масавымі беспарадкамі» экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава на 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Алег Гнедчык за ўдзел у «масавых беспарадках» асуджаны на 3,5 года, Ілья Васілевіч, Фёдар Мірзаянаў, Уладзімір Яроменак — на тры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Усе яны абвінавачваліся паводле артыкула «масавыя беспарадкі» (максімальны тэрмін — да 15 гадоў).

Дзяржабвінаваўца палічыў віну усіх падсудных даказанай. Усе, апрача Саннікава, актыўна ўдзельнічалі ў пагромах, аказвалі супраціў міліцыі. Саннікаў, паводле Загароўскага, арганізаваў масавыя беспарадкі, узначаліў іх, загадзя спланаваў і падрыхтаваў правакацыі. Ён заклікаў людзей прарвацца ў Дом урада, правакуючы натоўп, і двойчы падыходзіў да дзвярэй будынка, заявіў пракурор.

Таксама за ўдзел у масавых беспарадках, апроч А.Саннікава, А.Гнедчыка, Ф.Мірзаянава, І.Васілевіча, У.Яроменка,

Васіль Парфянкоў прыгавораны да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму; Аляксандр Атрошчанкаў — да чатырох гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму; Мікіта Ліхавід — да трох з паловай гадоў пазбаўлення волі, Дзмітрый Новік і Аляксандр Малчанаў — да трох з паловай і трох гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму адпаведна; грамадзяне РФ Арцём Брэус і Іван Гапонаў — да штрафу ў 300 базавых велічыняў (10,5 млн. рублёў) кожны; Дзмітрый Мядзведзь — да трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову. Алесь Кіркевіч асуджаны на 4 гады зняволення, Павел Вінаградаў — на 4 гады, Андрэй Пратасеня — 3 гады, Зміцер Дрозд — на 3 гады, Уладзімір Хамічэнка — 3 гады.

Уладзімір Лобан асуджаны да 3 год пазбаўлення волі, Андрэй Федаркевіч — да 3,5, Яўген Сакрэт — да 3, Сяргей Казакоў — да 3, Дзмітрый Даронін — да 3,5 гадоў у калоніі агульнага рэжыму, Віталь Мацукевіч — да 3 гадоў калоніі строга рэжыму.

За падрыхтоўку дзеянняў, што парушаюць грамадскі парадак (арт. 342), на 2 гады калоніі агульнага рэжыму быў асуджаны каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Зміцер Бандарэнка.

Апроч таго, за злоснае хуліганства былі таксама асуджаныя Зміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў — на два і чатыры гады пазбаўлення волі адпаведна. Іх затрымалі 18 снежня, за дзень да прэзідэнцкіх выбараў.

* * *

У Мінску працягваюцца два судовыя палітычныя працэсы:

над экс-кандыдатамі ў прэзідэнты Міколам Статкевічам і Дзмітрыем Усам, а таксама шараговымі ўдзельнікамі акцыі Андрэем Пазняком, Аляксандрам Класкоўскім-малодшым, Аляксандрам Квяткевічам, Арцёмам Грыбковым, Дзмітрыем Буланавым. Ім пагражае да 15 гадоў зняволення. Аляксандр Класкоўскі-малодшы абвінавачваецца адразу паводле чатырох артыкулах КК,

а таксама над экс-кандыдатамі ў прэзідэнты Уладзімірам Някляевым і Віталём Рымашэўскім, чальцамі выбарчага штаба Някляева — Андрэем Дзмітрыевым (кіраўнік штаба), Аляксандрам Фядутам (паліттэхнолаг), Сяргеем Вазняком, а таксама грамадскай актывісткай Настай Палажанкай. Ім пагражае да трох гадоў зняволення.

Сяргей Макарэвіч, Алег Гардзіенка, "Наша Ніва"