Андрэй Саннікаў прыгавораны да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму

Кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года Андрэй Саннікаў прыгавораны да пяці гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Такі вердыкт абвясціла 14 мая ў судзе Партызанскага раёна Мінска суддзя Наталля Чацвярткова.

Алег Гнедчык прыгавораны да трох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Уладзімір Яроменак, Ілья Васілевіч і Фёдар Мірзаянаў — да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Пракурор Антон Загароўскі патрабаваў прыгаварыць Саннікава да сямі гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Алега Гнедчыка — да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Уладзіміра Яроменка, Ілью Васілевіча і Фёдара Мірзаянава — да трох гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Саннікаў абвінавачваўся паводле часткі 1 артыкула 293 КК (арганізацыя масавых беспарадкаў), якая прадугледжвае пазбаўленне волі ад 5 да 15 гадоў, Гнедчык, Яроменак, Васілевіч і Мірзаянаў — паводле часткі 2 гэтага артыкула (удзел у масавых беспарадках), якая прадугледжвае пакаранне ад 3 да 8 гадоў пазбаўлення волі. Дзяржабвінаваўца палічыў віну ўсіх падсудных даказанай. Паводле яго слоў, усе, акрамя Саннікава, актыўна ўдзельнічалі ў пагромах, аказвалі супраціўленне міліцыі. Саннікаў жа, паводле слоў Загароўскага, арганізаваў масавыя беспарадкі, узначаліў іх, загадзя спланаваў і падрыхтаваў правакацыі. Ён заклікаў людзей прарвацца ў Дом урада, правакуючы натоўп, і двойчы падыходзіў да дзвярэй будынка, заявіў пракурор. 27 красавіка, у першы дзень працэсу, Саннікаў заклікаў суд да захавання законнасці. "Разумею, што справа мае ярка выражаную палітычную афарбоўку. Нягледзячы на гэта, заклікаю высокі суд і іншых удзельнікаў працэсу дзейнічаць у адпаведнасці з законам", — заявіў ён. На судовым пасяджэнні 12 мая Саннікаў расказаў пра прымяненне катаванняў у следчым ізалятары КДБ. Паводле слоў палітыка, 19 снежня адразу пасля затрымання яго, моцна збітага, трымалі пяць гадзін без медыцынскай дапамогі, не давалі магчымасці наведаць прыбіральню. Падсудны расказаў, як яго паклалі на дошкі пад нарамі, загадалі ўвесь час ляжаць тварам да электрычнага святла, не змяняючы позы. Акрамя таго, паводле слоў экс-кандыдата, у СІЗА штодня праводзіўся асабісты агляд, яго ставілі голым на "расцяжку". 22 студзеня, паводле слоў палітыка, у яго адбылася "прымусовая сустрэча" са старшынёй КДБ Вадзімам Зайцавым, які папярэдзіў: калі Саннікаў не дасць патрэбных паказанняў, да яго жонкі (вядомай журналісткі Ірыны Халіп) і сына будуць прыменены жорсткія меры. Саннікаў таксама заявіў, што падчас следства парушалася яго права на абарону — першая канфідэнцыйная сустрэча з адвакатам адбылася толькі 22 сакавіка. Паводле яго слоў, усё гэта паўплывала на тое, што падчас некаторых допытаў ён падпісваў тое, што яму дыктавалі следчыя. Таму, растлумачыў Саннікаў, ёсць супярэчнасці паміж яго паказаннямі ў судзе і на следстве. Саннікаў падкрэсліў, што падчас следств а ён даваў паказанні пад націскам.

Сяргей Пульша, "БелаПАН"

Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение