Абвінавачанне просіць суд прыгаварыць Андрэя Саннікава да сямі гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму

Пракурор папрасіў прыгаварыць экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Андрэя Саннікава да сямі гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Алега Гнедчыка — да чатырох гадоў узмоцненага рэжыму, Уладзіміра Яроменка, Ілью Васілевіча і Фёдара Мірзаянава —да трох гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Працэс над гэтымі фігурантамі крымінальнай справы аб масавых беспарадках 19 снежня 2010 года пачаўся 27 красавіка ў судзе Партызанскага раёна Мінска. Сёння на слуханнях пачаліся спрэчкі.
Дзяржабвінаваўца палічыў віну ўсіх падсудных даказанай. Паводле яго слоў, усе, апрача Саннікава, актыўна ўдзельнічалі ў пагромах, аказвалі супраціўленне міліцыі. Саннікаў жа, паводле слоў Загароўскага, арганізаваў масавыя беспарадкі, узначаліў іх, загадзя спланаваў і падрыхтаваў правакацыі. Ён заклікаў людзей прарвацца ў Дом урада, правакуючы натоўп, і двойчы падыходзіў да дзвярэй будынка, заявіў пракурор. Нагадаем, 27 красавіка, у першы дзень працэсу, Андрэй Саннікаў заклікаў суд да выканання законнасці. "Усведамляю, што справа мае ярка выражаную палітычную афарбоўку. Нягледзячы на гэта, заклікаю высокі суд і іншых удзельнікаў працэсу дзейнічаць у адпаведнасці з законам", — заявіў ён. Саннікаў пацвердзіў, што заклікаў людзей прыйсці на плошчу, і заявіў, што з іншымі кандыдатамі ў прэзідэнты свае дзеянні ў гэтым пытанні не каардынаваў. Як растлумачыў палітык, рашэнне пайсці да Дома ўрада было прынята, таму што на Кастрычніцкай плошчы было мала месца. Таксама, паводле слоў палітыка, з'явілася інфармацыя, што ў Палацы прафсаюзаў (размешчаны на Кастрычніцкай плошчы. — БелаПАН.) знаходзіцца спецназ і хутка пачнецца разгон. Апрача таго, паведаміў Саннікаў, да таго моманту ўжо з'явілася ідэя правядзення перамоў з уладамі, таму сумесна з іншымі кандыдатамі было прынята рашэнне ісці да Дома ўрада. Саннікаў звярнуў увагу на тое, што з боку праваахоўных органаў да дэманстрантаў не прагучала заклікаў разысціся. Паводле слоў палітыка, ён разлічваў на тое, што ва ўрадзе знойдуцца смелыя людзі, якія прызнаюць наяўнасць крызіснай сітуацыі ў краіне і будуць гатовы сумесна працаваць над яе пераадоленнем. Але такіх не знайшлося, канстатаваў Саннікаў. Замест гэтага, паводле яго слоў, сталі біць шкло. Палітык паведаміў, што з боку Дома ўрада нехта падышоў да іх і сказаў, што сілавікі гатовы да перамоў. "Стварылі калідор, па якім мы з жонкай прайшлі да Дома ўрада. Але на перамовы ніхто не выйшаў. Мы пачакалі, пайшлі назад да помніка, дзе ўжо пачалося рассячэнне", — паведаміў Саннікаў. На пасяджэнні суда 12 мая экс-кандыдат у прэзідэнты распавёў аб прымяненні катаванняў у следчым ізалятары КДБ, а таксама пра тое, што старшыня КДБ Вадзім Зайцаў пагражаў "жорсткімі мерамі" яго жонцы і сыну, калі ён не дасць "патрэбных паказанняў". Андрэй Саннікаў падкрэсліў, што падчас следства ён даваў паказанні пад націскам.

Сяргей Пульша, "БелаПАН"

Он-лайн рэпартаж з суда чытайце ТУТ.