У судах Мінска аднавіліся працэсы над фігурантамі справы аб масавых беспарадках

У пяці судах Мінска працягваюцца працэсы над фігурантамі крымінальнай справы аб масавых беспарадках 19 снежня.
Так, у судзе Ленінскага раёна адновілася слуханне справы ў дачыненні да экс-кандыдатаў у прэзідэнты Мікалая Статкевіча і Дзмітрыя Уса. Яны абвінавачваюцца ў арганізацыі масавых беспарадкаў, што суправаджаліся насіллем над асобай, пагромамі, знішчэннем маёмасці і ўзброеным супраціўленнем прадстаўнікам улады (ч. 1 арт. 293 КК). Разам з Усам і Статкевічам судзяць Аляксандра Квяткевіча, Дзмітрыя Буланава, Андрэя Пазняка, Арцёма Грыбкова і Аляксандра Класкоўскага. Паводле версіі следства, яны з'яўляюцца "найбольш актыўнымі ўдзельнікамі масавых беспарадкаў". Першыя чатыры абвінавачваюцца на падставе ч. 2 арт. 293 КК (удзел у масавых беспарадках). Класкоўскаму прад'яўлена абвінавачанне адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 і ч. 2 арт. 293 (арганізацыя і ўдзел у масавых беспарадках), арт. 369 (знявага прадстаўніка ўлады) і арт. 382 КК (самавольнае прысваенне звання або ўлады службовай асобы). Чакаецца, што сёння суд будзе дапытваць абвінавачваных. Яшчэ адзін працэс працягваецца ў судзе Заводскага раёна Мінска. Перад судом паўсталі Ірына Халіп — жонка экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, карэспандэнт расійскай "Новой газеты", Павел Севярынец — кіраўнік штаба кандыдата ў прэзідэнты Віталя Рымашэўскага і Сяргей Марцалеў — кіраўнік штаба Мікалая Статкевіча. З самага пачатку яны абвінавачваліся ў арганізацыі масавых беспарадкаў, аднак 4 красавіка ўсім тром абвінавачанне перакваліфікавалі на больш мяккае — на падставе ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Замест 15 гадоў ім пагражае да 3 гадоў пазбаўлення волі. На сённяшнім пасяджэнні суда плануецца дапытаць сведак абвінавачання. У судзе Партызанскага раёна аднавілася слуханне справы экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, а таксама ўдзельнікаў акцыі Ільі Васілевіча, Алега Гнедчыка, Фёдара Мірзаянава і Уладзіміра Яроменка. Яны абвінавачваюцца на падставе ч. 1 арт. 293 КК (арганізацыя масавых беспарадкаў). Сёння суд павінен прагледзець відэаматэрыялы справы. У судзе Фрунзенскага раёна судзяць двух былых кандыдатаў у прэзідэнты Уладзіміра Някляева і Віталя Рымашэўскага, а таксама членаў іх каманд Андрэя Дзмітрыева, Аляксандра Фядуту, Анастасію Палажанку і Сяргея Вазняка. Яны абвінавачваюцца на падставе ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Вазняк апрача таго абвінавачваецца на падставе ч. 1 арт. 401 КК (заведама падманнае паказанне). Чакаецца таксама, што сёння ў 16.00 суд Маскоўскага раёна вынесе прыгаворы шасці ўдзельнікам падзей 19 снежня — Дзмітрыю Дароніну, Сяргею Казакову, Яўгену Сакрэту, Андрэю Федаркевічу, Уладзіміру Лобану і Віталю Мацукевічу. Яны абвінавачваюцца на падставе ч. 2 арт. 293 КК (масавыя беспарадкі). 11 мая дзяржабвінаваўца запытаў прыгаварыць Лобана і Федаркевіча да 3,5 года пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму, астатніх — да 4 гадоў.