Сёння ў Мінску судзяць адразу пяць экс-кандыдатаў у прэзідэнты

Усе пяцёра экс-кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі, якія з'яўляюцца абвінавачванымі па крымінальнай справе аб масавых беспарадках 19 снежня, паўстануць сёння перад суддзямі ў розных судах Мінска.

Так, у судзе Ленінскага раёна пачынаецца працэс над Мікалаем Статкевічам і Дзмітрыем Усам. Яны абвінавачваюцца ў арганізацыі масавых беспарадкаў, якія суправаджаюцца насіллем над асобай, пагромамі, знішчэннем маёмасці і ўзброеным супраціўленнем прадстаўнікам улады (ч. 1 арт. 293 КК). Разам з былымі кандыдатамі судзяць Аляксандра Квяткевіча, Дзмітрыя Буланава, Андрэя Пазняка, Арцёма Грыбкова і Аляксандра Класкоўскага. Па версіі следства, яны з'яўляюцца "найбольш актыўнымі ўдзельнікамі масавых беспарадкаў". Першыя чацвёра абвінавачваюцца па ч. 2 арт. 293 КК (удзел у масавых беспарадках). Класкоўскаму прад'яўлена абвінавачанне адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 і ч. 2 арт. 293 (арганізацыя і ўдзел у масавых беспарадках), арт. 369 (знявага прадстаўніка ўлады) і арт. 382 КК (самавольнае прысваенне звання або ўлады службовай асобы). Яшчэ адзін працэс над фігурантамі крымінальнай справы аб масавых беспарадках 19 снежня пачынаецца сёння ў судзе Заводскага раёна Мінска. Перад судом паўстануць Ірына Халіп — жонка  экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, карэспандэнт расійскай "Новой газеты", Павел Севярынец — кіраўнік штаба кандыдата ў прэзідэнты Віталя Рымашэўскага і Сяргей Марцалеў— кіраўнік штаба Мікалая Статкевіча. Першапачаткова яны абвінавачваліся ў арганізацыі масавых беспарадкаў, аднак 4 красавіка ўсім тром абвінавачанне перакваліфікавалі на больш мяккае — па ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Замест 15 гадоў ім пагражае да 3 гадоў пазбаўлення волі. Акрамя таго, у судах Фрунзенскага, Партызанскага і Маскоўскага раёнаў Мінска працягнуцца працэсы над фігурантамі крымінальнай справы аб масавых беспарадках, якія пачаліся на мінулым тыдні. У судзе Партызанскага раёна слухаецца справа экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, а таксама ўдзельнікаў акцыі Ільі Васілевіча, Алега Гнедчыка, Фёдара Мірзаянава і Уладзіміра Яроменка. Яны абвінавачваюцца па частцы 1 артыкула 293 КК (арганізацыя масавых беспарадкаў). У судзе Фрунзенскага раёна судзяць двух былых кандыдатаў у прэзідэнты Уладзіміра Някляева і Віталя Рымашэўскага, а таксама членаў іх каманд Андрэя Дзмітрыева, Аляксандра Фядуту, Анастасію Палажанку і Сяргея Вазняка. Яны абвінавачваюцца па частцы 1 артыкула 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Вазняк акрамя гэтага абвінавачваюцца па частцы 1 артыкула 401 КК (заведама непраўдзівае паказанне). У судзе Маскоўскага раёна слухаецца справа яшчэ шасці ўдзельнікаў падзей 19 снежня — Дзмітрыя Дароніна, Сяргея Казакова, Яўгена Сакрэта, Андрэя Федаркевіча, Уладзіміра Лобана і Віталя Мацукевіча. Яны абвінавачваюцца па частцы 2 артыкула 293 КК (масавыя беспарадкі).